Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.09.2017 15:22
  • Obejmij mnie Czeczenio Republika.mp3
Грамадзянін ГЦ з гурту Republika просіць, каб Чачня яго абняла.
www.pixabay.com

Сёньня ў перадачы прагучыць песьня выканаўцы, які яшчэ пры жыцьці стаў вялікай зоркай і легендай, а яго сьмерць, бадай, яшчэ больш узмацніла яго папулярнасьць. Гаворка ідзе пра Гжэгажа Цехоўскага, інакш – Грамадзяніна Г.Ц. (Obywatel GC). Нядаўна, 29 жніўня, яго паклоньнікі адзначалі 60 гадоў з дня нараджэньня свайго ідала. А няма Гжэгажа Цехоўскага ў жывых ужо амаль 16 гадоў.

Цехоўскі быў лідарам гурту Рэспубліка (Republika). Пік папулярнасьці калектыў дасягнуў у 80-ыя гады мінулага стагодзьдзя. Менавіта гэтая група паўплывала на вялікі росквіт рок-сцэны ў Польшчы. Што цікава, крыніцы посьпеху Грамадзяніна ГЦ можна шукаць у... паразе. Справа ў тым, што з самога маладога ўзросту Гжэгаж Цехоўскі пісаў вершы. Доўгі час ён спрабаваў выдаць зборнік сваёй паэзіі, але пастаянна сустракаўся з адмовай у выдавецтвах. І тады малады паэт вырашыў, што прасьцей за ўсё будзе прадставіць гэтыя вершы на сцэне, пад акампаніямэнт музыкі. Тым больш, што ён вучыўся таксама ў музычнай школе, умеў граць.

Гурт Republika вельмі хутка заваяваў папулярнасьць, а стала так дзякуючы вялікаму таленту вакаліста і лідара – самога Цехоўскага, дзякуючы яго эрудыцыі, прыгожаму глыбокаму голасу і непаўторнай манеры сьпяваць. Аднак пасьля прыкладна шасьці гадоў дзейнасьці калектыў распаўся, Цехоўскі вырашыў рабіць самастойную кар’еру.

У 1990 годзе музыкі зноў сышліся і пачалі разам выступаць, але музычную дзейнасьць прыйшлося спыніць з-за нечаканай сьмерці Гжэгажа Цехоўскага ў 2001 годзе. Жыцьцё легенды польскай рок-музыкі раптоўна абарвалася ў выніку інфаркту. Што цікава, сябры Цехоўскага кажуць, што ён прадчуваў сваю сьмерць, тое, што не дажыве да старасьці. А мог бы запісаць яшчэ шмат песьняў, выхаваць дзяцей (пакінуў трое, а чацьвёртае дзіця нарадзілася ўжо пасьля сьмерці бацькі), радаваць паклоньнікаў сваёй музыкай. Затое раньняя сьмерць толькі ўзмацніла яго легенду.

А я папаную паслухаць кампазыцыю гурту Republika, якая называецца «Абдымі мяне, Чачня».

Śniłem dzisiaj że
jestem górskim lwem
na Kaukazie

to jest męski zew
więc ty – miła- siedź
ja zatańczę

w Czeczenii tańczę taniec z bratem
ojciec dał nam broń

moja szabla spójrz
ścina płatki róż
bez wahania

moją siłą wróg
patrzysz na mnie już
jak na grób

w Czeczenii tańczę taniec z bratem
ojciec dał nam broń

gdy polegnę już
mój syn musi tu
tańczyć dalej

nie bądź Rosją i
nie odmawiaj mi
swego ciała

w Czeczenii tańczę taniec z bratem
ojciec dał nam broń

obejmij mnie jak zwyczaj każe
tylko moją bądź

Мне сьнілася сёньня, што я – горны леў на Каўказе. Гэта мужчынскі кліч. Таму ты, мілая, сядзі, я патанцую. У Чачні я танцую танец з братам. Бацька даў нам зброю. Мая шабля, зірні, рэжа лепясткі ружаў. Без ваганьня.

Вораг – мая сіла. Ты на мяне глядзіш ужо як на магілу. Калі я загіну ўжо, мой сын павінен тут танцаваць далей.

Ня будзь Расеяй і не адмаўляйся даць мне сваё цела. Абдымі мяне, як наказвае традыцыя, і будзь толькі маёй.


Песьня ўвайшла ў альбом Рэспублікі, які выйшаў у 1995 годзе, падчас першай чачэнска-расейскай вайны. Увесь даход ад продажу быў прызначаны на падтрымку чачэнскіх уцекачоў. Дарэчы, гэта не адзіная музычная кампазыцыя Рэспублікі, якая закранае бягучыя палітычныя тэмы. Але як правіла ў Цехоўскага сур’ёзная ўнутрыпольская або міжнародная тэматыка спалучана з тэмай каханьня, мужчынска-жаночых адносін. Для яго дзяржава – Польшча ці Чачня – як жанчына, каханка, маці, жонка. А я перайду да разгляду верша.

Śnić sen – сьніць сон. Па-польску гэта вельмі распаўсюджаная форма, хаця таксама ўжываецца словазлучэньне śnić się. Гэтая другая форма больш папулярная на беларускай мове.

Śniłam dzisiaj, że wszystkie moje problemy zniknęły/Śniło mi się, że wszystkie moje problemy zniknęły – Мне прысьнілася сёньня, што ўсе мае праблемы зьніклі.

Moją siłą wróg – Вораг – гэта мая сіла. Такая форма, якая назіраецца ў дадзеным сказе, вельмі характэрная для польскай мовы. Па-беларуску неабходна ўжыць словы ў іншым склоне, паставіць працяжнік. Напрыклад:

Polska moją Ojczyzną – Польшча – гэта мая Айчына.

Patrzysz na mnie jak na grób – Глядзіш на мяне як на магілу. Слова grób азначае на польскай мове кожную магілу – месца пахаваньня чалавека. А вось mogiła, хоць зьяўляецца сынонімам слова grób, то ўсё ж такі мае крыху больш вузкае значэньне. Як правіла гэты выраз азначае месца пахаваньня загінулага чалавека, салдата, часта вельмі сьціплае, пазначанае толькі драўляным крыжом або іншым сымбалем.

Polegnę już – я ўжо загіну. Выраз, сьцісла зьвязаны з папярэднім словам. Гэты дзеяслоў ужываецца толькі ў адносінах загінулых жаўнераў або іншых людзей, якія памерлі ў выніку барацьбы з ворагам.

Nie odmawiaj mi swego ciała – Тут таксама форма сказу, характэрная для польскай мовы, а па-беларуску мы б сказалі крыху інакш: Не адмаўляй мне ў сваім целе або Не адмаўляйся даць мне сваё цела.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт