Logo Polskiego Radia
Print

23.09.1922 г. Польшча вырашыла будаваць Гдыню

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 23.09.2017 11:49
  • 23 верасьня 1922 г. Польшча вырачыла пра будаўніцтва порту ў Гдыні.mp3
Порт у Гдыні зьявіўся ў выніку палітычных супярэчнасьцяў паміж краінамі Антанты.
commons.wikimedia.org/By anonimowy - Adam Szelągowski Wiek XX, Warszawa 1938, Domena publiczna

Порт у Гдыні зьявіўся ў выніку палітычных супярэчнасьцяў паміж краінамі Антанты, якія выявіліся пасьля заканчэньня Першай Сусьветнай вайны і датычылі тэрытарыяльных кшталтаў новых краінаў, узьніклых пасьля распаду трох імпэрыяў: Аўстра-Венгрыі, царскай Расеі і кайзэраўскай Нямеччыны.

Польскія палітыкі, якія прычыніліся да фарміраваньня незалежнай Польшчы, рабілі ўсе, каб Польшча мела выхад на мора. Прэзыдэнт ЗША Вудра Вільсан таксама падтрымаў гэтую ідэю.

Але, на Вэрсальскай канфэрэнцыі ў 1919 годзе, галоўным чынам па прычыне нязгоды Вялікабрытаніі, ідэя ўваходжаньня Гданьска (Данцыга) у склад Польшчы, не была падтрымана.

Гданьск атрымаў статус «вольнага гораду», то бок, магчымасьць аўтаномнага самакіраваньня. У рамках кампэнсацыі Польшча атрымала вузкі калідор да мора. Нягледзячы на тое, што паміж Вольным горадам Гданьскам і Рэччу Паспалітай была падпісаная асобная дамоўленасьць, якая давала магчымасьць Польшчы неабмежавана карыстацца портам, дамоўленасьць была сабатаваная ўладамі Гданьска.

У 1920 годзе Польшча пачала разглядаць магчымасьць пабудаваньня марскога порту ў Гдыні, якая на той час была звычайнай марской вёскай.

Кіраваў рэалізацыяй праекту Тадэвуш Венда. Фактычна яго можна лічыць бацькам гораду й порту ў Гдыні.

Але толькі ў 1922 годзе пасьля доўгіх дэбатаў польскі Сэйм прыняў дэкрэт, які датычыў пабудаваньня порту ў Гдыні. Але нават пасьля гэтага працы ішлі даволі марудна. Пад канец дваццатых гадоў будаўніцтва порту стала больш інтэнсіўным, дзякуючы ўдзелу францускай кампаніі. Інвэстыцыя каштавала каля 32 мільёнаў злотых. Будаўніцтва порту і гораду была самай буйной будоўляй у тагачаснай Польшчы.

Вельмі хутка порт у Гдыні пераўтварыўся ў важны прамысловы і транспартны вузел.

Калі ў 1924 годзе ў порт увайшло толькі 27 караблёў, то ў 1929 больш за 1,5 тысячы. Грузапаток перавысіў нават аб’ёмы гданьскага порту. Была адчынена пасажырская лінія Гдыня-Нью-Ёрк.

Пасьля таго, як порт-горад быў заняты гітлераўцамі 19 верасьня 1939 г., ён быў перайменаваны ў Готэнхафэн і стаўся базай ваенна-марскіх сілаў Трэцяга Рэйху, у выніку чаго быў цалкам зьнішчаны саюзьнікамі.

Порт аднавіў сваю дзейнасьць у 1945 годзе і зараз зьяўляецца адным з важных эканамічных зонаў сучаснай Польшчы.

У 2015 годзе грузапаток складаў больш за 15 мільёнаў тон.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт