Logo Polskiego Radia
Print

30.09.1999 г. войскі РФ увайшлі на тэрыторыю Чачні

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 30.09.2017 10:14
Гэта сталася пачаткам другой Чачэнскай вайны.
commons.wikimedia.org/ Mikhail Evstafiev, CC BY-SA 3.0

Першая Чачэнская вайна, якая скончылася ў 1996 годзе фактычнай паразай Расейскай Фэдэрацыі, прывяла да ўсталяваньня цалкам незалежнай Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя (абвешчанай яшчэ ў 1991). Менавіта памкненьне да незалежнасьці чачэнцаў прывяло да першай вайны ў Чачні.

Разам з гэтым, цэнтральная ўлада ў Грозным на чале з Асланам Масхадавым не была ў стане кантраляваць разнастайныя групы палявых камандзіраў, якія былі ўцягнуты ў крымінальныя справы.

Чачня паступова пераўтваралася ў ісламскую фундамэнталісцкую дзяржаву, абапіраючыюся на ідэалёгію вахабізму, якая імкнулася пашырыць гэтыя ўплывы на суседнія рэспублікі. На тэрыторыі Расеі (у тым ліку ў Маскве) было арганізавана некалькі тэрарыстычных актаў, у якіх загінула некалькі соцень чалавек.

Некаторыя экспэрты й журналісты выказвалі меркаваньне, што баевікі дзейнічалі ў змове з расейскімі спэцлужбамі, якія такім чынам хацелі скінуць тагачаснага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына й паставіць свайго чалавека. Кандыдатам у той час быў Уладзімер Пуцін, які займаў пасаду прэм’ер-міністра. 23 верасьня 1999 г. Ельцын падпісаў загад, які датычыў павышэньня эфэктыўнасьці контртэрарыстычных дзеяньняў у паўночна-каўкаскім рэгіёне.

Расейскія войскі пачалі бамбардзіроўку тэрыторыі Чачні, а 30 верасьня 1999 г. рэгулярныя войскі ўкрочылі на тэрыторыю рэспублікі.

Другая Чачэнская вайна афіцыйна доўжылася да 29 лютага 2000 году. Пасьля захопу расейцамі апошняга буйнога цэнтра Ічкерыі Шатоя, было абвешчана пра яе заканчэньне. Хаця лякальныя баявыя дзеяньні доўжыліся наступныя гады.

Але «перамога» далася Расеі вялікім коштам. Нягледзячы на тэрытарыяльную й вайсковую перавагу, выкарыстаньне цяжкой артылерыі ды авіяцыі, за некалькі месяцаў расейцы страцілі некалькі тысяч чалавек. 15 тысяч былі паранены. На 2010 год агульныя страты сілавых структураў у Чачні й Дагестане склалі каля 6 тыс. чалавек забітымі. Страты сэпаратыстаў склалі каля 10 тыс., а мірнага насельніцтва больш за 5 тыс. чалавек.

Дзеля таго, каб захаваць свае ўплывы, Масква пайшла на кампраміс з больш памяркоўнымі групамі чачэнцаў. Расейскія ўлады падтрымаў муфцій Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Ахмат Кадыраў. Пасьля ягонай сьмерці ў 2004 годзе (у выніку выбуху), пасаду прэзыдэнта заняў ягоны сын Рамзан Кадыраў.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт