Logo Polskiego Radia
Print

7 кастрычніка 1949 г. была ўтворана ГДР

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 07.10.2017 07:34
  • ГДР.mp3
ГДР была вынікам спаборніцтва за ўплывы паміж СССР і заходнімі саюзьнікамі.
commons.wikimedia.org/By Bundesarchiv,Franke, Klaus / CC-BY-SA, CC BY-SA 3.0

Пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны, згодна з Ялцінскімі і Пастдамскімі дамоўленасьцямі тэрыторыя ўсходняй Нямеччыны: Мэклэнбург-Пярэдняя Памэранія, Брандэнбург, Саксонія-Анхальт, Саксонія ды Цюрынгія ўвайшлі ў зону савецкай акупацыі.

Заходняя Нямеччына знаходзілася пад кантролем войскаў Вялікабрытаніі і ЗША. Заходнія краіны з аднаго боку імкнуліся да рэалізацыі праекту аб’яднанай Эўропы, з іншага да зьмяншэньня і стрыманьня ўплываў СССР, з якім ужо распачалася «халодная вайна». Нямеччына ў гэтым працэсе займала ключовае месца.

Таму ўжо ў траўні 1949 году было абвешчана пра ўтварэньне Фэдэратыўнай Рэспублікі Германія, якая агалошвалася правапераемніцай культурнай і тэрытарыяльнай спадчыны Нямеччыны.

Чакалася, што ўсходняя частка таксама ўвойдзе ў склад ФРГ. ФРГ ужо была ўцягнута ў першыя працэсы палітычнай і эканамічнай інтэграцыі. Зразумела, што Масква не магла пагадзіцца з праектам Захаду, галоўным чынам ЗША, і пачала рэалізоўваць свой уласны. У далейшым, Сталін прапанаваў саюзьнікам стварыць аб’яднаную Нямеччыну, але цалкам нэўтральную, што магло б прывесьці да ўмацаваньня ўплываў СССР у Заходняй Эўропе.

Савецкія акупацыйныя ўлады правялі Нямецкі народны кангрэс, які 30 траўня абвясьціў пра прыняцьце Канстытуцыі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. У дакумэнтах кангрэсу ФРГ называлася «сэпаратыскай заходнянямецкай дзяржавай».

Адразу пасьля кангрэсу пачалі фарміравацца дзяржаўныя ворганы ГДР: двухпалатны парлямэнт, уведзена пасада прэзыдэнта і ўтвораны ўрад.

7 кастрычніка 1949 году было абвешчана пра ўтварэньне Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі.

Першым і адзіным прэзыдэнтам новаўтворанай дзяржавы стаў Вільгельм Пік.

Падчас станаўленьня дзяржавы, якая заявіла шлях на пабудаваньне камунізму разам з СССР, распачаўся працэс шырокіх палітычных чыстак усіх тых актывістаў, якія мелі іншы падыход да палітычнай будучыні Нямеччыны. Усталяваўся сталінскі від кіраваньня дзяржавай. Рэпрэсіі, ды пабудаваньне сацыялізму прывяло да шэрагу сур’ёзных унутраных крызысаў у 1953 (калі прыйшлося ўводзіць савецкія войскі для падаўленьня дэманстрацыяў) і 1961 (калі была пабудавана Бэрлінскі Мур).

У сваю чаргу ФРГ увяла ў дзеяньне дактрыну Хальштэйна, сутнасьць якой заключалася ў непрызнаньні ГДР і разарваньні ўсіх дыпляматычных адносінаў з краінамі, якія прызнавалі ГДР. І толькі на пачатку 70-х адносіны паміж краінамі былі ўрэгуляваны, яны абедзьве былі прынятыя ў ААН.

Праіснавала Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка да 3 кастрычніка 1990 году, калі былі адменены ўсе дзяржаўныя інстытуты ГДР разам з канстытуцыяй, а тэрыторыя ўвайшла ў склад ФРГ.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт