Logo Polskiego Radia
Print

Віртуальнае сэрца дапаможа рыхтаваць лекараў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 12.10.2017 18:53
Мэдык зможа ўбачыць будову органу, а таксама «зайсьці» ўнутр яго.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Польскія навукоўцы з гораду Глівіцэ разам з Фондам разьвіцьця кардыёхірургіі імя прафэсара Зьбігнева Рэлігі распрацоўваюць праект «Віртуальнае сэрца». Яго мэта - стварэньне віртуальнай мадэлі здаровага сэрца й мадэлі сэрца з рознымі дэфэктамі. Праект павінен дапамагчы маладым лекарам пранікнуць ва ўнутр гэтага найважнейшага органу чалавечага арганізму й дакладна вывучыць яго працу ў здаровым стане й з захворваньнямі.

Гэта стане магчымым дзякуючы спэцыяльным акулярам і спэцыяльнаму прыкладаньню на мабільныя прылады. У будучыні такім чынам будуць распрацоўвацца й іншыя ўнутраныя органы чалавека.

Аўтар ідэі праекту - выкладчык Унівэрсытэта гораду Аполе (Opole) доктар Зэнон Пётр Галяба, і менавіта ягоныя студэнты першымі будуць вучыцца на віртуальным сэрцы. Паводле доктара Галябы, сучасная тэхналёгія неўзабаве прывядзе да скарачэньня колькасьці заняткаў студэнтаў мэдыцынскіх унівэрсытэтаў у празэктарскай залі. Акрамя таго, віртуальнае сэрца дасьць магчымасьць мэдыкам пазнаёміцца з рэдкімі хваробамі, якіх некаторыя дактары ня маюць магчымасьці ніколі сустрэць на практыцы.

На цяперашнім этапе распрацоўкі праекту ў спэцыяльных акулярах можна ўжо назіраць за працай здаровага сэрца. «Тэхналёгія дае магчымасьць пабачыць яго ня толькі звонку, а таксама «зайсьці» унутр органу, паглядзець, як выглядаюць клапаны, артэрыі, вены, як цячэ кроў», – тлумачыць кіраўнік Майстэрні біяінжынэрыі Фонду разьвіцьця кардыяхірургіі доктар Пётр Вільчэк.

Адзначым, што тэхнічны бок праекту «Віртуальнае сэрца» распрацоўваюць спэцыялісты з гораду Глівіцэ, якія раней стварылі інавацыйнае прыкладаньне Chernobyl VR Project - інтэрактыўную гісторыю пра Чарнобыльскую катастрофу 1986 году.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт