Logo Polskiego Radia
Print

Чарада падводных робатаў будзе ратаваць Вэнэцыю

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 12.10.2017 18:57
Робаты падобныя на рыбу, мэдузаў і крабаў, будуць сачыць за экасыстэмай гораду.
Панарама ВэнэцыіПанарама Вэнэцыіpixabay.com/Alois_Wonaschuetz/Public Domain CC0

Больш за 120 падводных робатаў зьявіцца ў вэнэцыянскай лягуне, каб дапамагчы дасьледчыкам у выратаваньні гораду. У рамках праекту, які фінансуецца Эўрапейскім Зьвязам, прадстаўнікі некалькіх дасьледчыцкіх цэнтраў стварылі прылады, падобныя на рыбу, мэдузаў і крабаў. Яны будуць зьбіраць інфармацыю пра пагрозы й зьмяненьні, якія адбываюцца ў падводнай частцы гістарычнага комплексу, – тлумачыць адзін з каардынатараў праекту Пэрпаолё Кампастрыні (Pierpaolo Campostrini).

П.Кампастрыні: Напрыклад, робаты, разьмешчаныя на марскім дне, будуць актывізавацца, калі іх датчыкі выявяць зьмену ціску вады, якую выкліча праплываючая лодка. Яны дакладна вымяраць вышыню хвалі й частату вібрацыі, узьнікшай ад вінта. Такім чынам мы дасьледуем уплыў транспартных адзінак на вэнэцыянскіх водных шляхах на экасыстэму. Мы зможам вызначыць аптымальную хуткасьць плаваючых у Вэнэцыі лодак.

Робаты будуць аўтаномнымі. Яны самі выберуць месца для правядзеньня вымярэньняў і будуць перадаваць інфармацыю адзін аднаму, каб дапоўніць вынікі. Адзін са стваральнікаў робатаў Чэзарэ Стэфаніні (Cesare Stefanini) кажа, што робаты маюць таксама іншыя незвычайныя здольнасьці.

Ч. Стэфаніні: Калі ў іх скончыцца энэргія, яны будуць самі падплываць да адной з нашых базавых станцый бесправадной сувязі для зарадкі батарэй. Дзякуючы гэтаму ня трэба ўскрываць складаныя мэханізмы робатаў.

Сабраныя дадзеныя будуць аўтаматычна перадавацца па радыё навукоўцам. Усе прылады, запушчаныя ў лягуну, стануць найбуйнейшай у сьвеце камандай аўтаномных робатаў, якія працуюць пад вадой.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт