Logo Polskiego Radia
Print

21 кастрычніка 1943 г. было ліквідавана менскае гета

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 21.10.2017 14:25
  • менскае гета.mp3
Жахі менскага гета перажылі толькі 13 чалавек, якія змаглі схавацца.
Менскае гета, люты 1942 г.Менскае гета, люты 1942 г.commons.wikimedia.org/Bundesarchiv, Bild 183-N1213-361 / Donath, Herbert / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de

Менскае гета было адным з самых буйных ва Ўсходняй Эўропе пасьля варшаўскага і львоўскага. Яно былоўтворана месяц пасьля нападзеньня Гітлера на СССР, 20 ліпеня 1941 году.

1 ліпеня акупацыйныя ўлады ўвялі ў дачыненьні да менскіх габрэяў кантрыбуцыю, якая заключалася ў абавязковай выплаце акрэсьленай колькасьці грошай і каштоўнасьцей. Паборам займаўся адмысловы габрэйскі камітэт Юдэнрат, які быў створаны з габрэяў. Але ўжо 19-20 ліпеня, згодна з загадам Гітлера, па рэалізацыі пляну вынішчэньня габрэяў, было ўтворана гета.

Прадстаўніком нямецкага камандаваньня ў гета быў расейскі немец з Ленінграду Гарадзецкі. Межы гета праходзілі вельмі блізка з сёньняшнім цэнтрам Менску. Пачыналася ад Праспэкту Пераможцаў, ахоплівала ўсю Нямігу і скончвалася на вуліцы Кляры Цэткін.

Згодна з загадам, да 1 жніўня 1941 г. ў адведзенае для гета месца, павінны былі перасяліцца ўсе габрэі Менска, на месца выселеных жыхароў. Гета было агароджана мурам, альбо калючым дротам. Згодна з архіўнымі дадзенымі, гета падзялялася на 3 часткі: «вялікае гета», якое ахоплівала 39 вуліц і займала 2 км2. У ім 1 жніўня 1941 г. знаходзілася 80 тыс. чалавек. Малое гета, недалёка ад плошчы Якуба Коласа, і «Зондэргета» для дэпартаваных габрэяў з Заходняй Эўропы - там па розным дадзеных, знаходзілася да 20 тыс. чалавек.

З моманту стварэньня гета да яго зьнішчэньня гітлераўцы праводзілі рэгулярныя масавыя забойствы, адбылося 5 адмысловых «акцыяў і пагромаў» у якіх было забіта амаль 100 тыс. чалавек.

Амаль ад самага пачатку існаваньня гета, там сфарміраваліся падпольныя групы, якімі кіравалі Ісая Казінец, Грыгоры Смаляр, Міхаіл Гебелеў. Актыўны ўдзел у падпольлі гуляў і кіраўнік Юдэнрата Ілья Мушкін і кіраўнік габрэйскай паліцыі Зяма Серабранскі. Падпольшчыкі арганізоўвалі сабатаж, арганізоўвалі дапамогу жыхарам гета, а таксама вывад іх з гета. Агульна, дзякуючы дзейнасьці падпольных груп удалося вывесьці ў лясы каля 5 тыс. чалавек, большасьць іх далучылася да партызанаў.

21 кастрычніка 1943 году было прынятае рашэньня пра ліквідацыю гета, у якім заставалася толькі некалькі тысячаў чалавек. Жахі менскага гета перажылі толькі 13 чалавек, якія змаглі схавацца.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт