Logo Polskiego Radia
Print

Адзін з сымбаляў Кракава - Курган Касьцюшкі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 27.10.2017 19:19
  • historia.mp3
Курган вышынёю 34 мэтры жыхары гораду будавалі тры гады - яго адкрылі ў 1820 годзе.
Курган Касьцюшкі, Кракаў Курган Касьцюшкі, Кракаў commons.wikimedia.org/Wizzard/Public Domain CC0

Адным са славутых месцаў Кракава, былой польскай сталіцы, зьяўляецца Курган Касьцюшкі. Гэта штучны ўзгорак, прысьвечаны польскаму нацыянальнаму герою Тадэвушу Касьцюшку, хоць яго сваім героям таксама лічаць беларусы, амэрыканцы й французы.

Пасьля сьмерці Тадэвуша Касьцюшкі ў 1817 годзе ў Польшчы пачаў разьвівацца яго культ як народнага героя. Грамадзкасьць Кракава, дзе быў пахаваны Тадэвуш Касьцюшка, патрабавала ад гарадзкіх уладаў устаноўкі помніка. У ліпені 1820 года Сэнат Вольнага горада Кракава прыняў рашэньне пабудаваць курган Тадэвушу Касцюшку.

Месцам для будучага кургана быў абраны пагорак блажэннай Браніславы на захадзе Кракава.

Урачысты пачатак будаўніцтва кургана адбыўся 15 верасьня 1820 года. На працягу трох гадоў у будаўніцтве ўдзельнічалі шматлікія добраахвотнікі.
25 кастрычніка 1823 года будаўніцтва было завершанае. Гісторыю Кургану Касьцюшкі згадвае кракаўскі грамадзкі дзеяч Лешак Мазан.

Лешак Мазан: Я нагадаю, што на будаўніцтва Кургану Касьцюшкі пайшло 169 тыс. 246 злотых і 8 грошаў. Як бачна, мы ў Кракаве грошы лічым дакладна.
За гэты грошы на ўзвышшы Сікорнік быў узьнесены курган вышынёю 334 мэтры над узроўнем Адрыятычнага мора. Нагадаю, у той час Кракаў уваходзіў у склад Аўстра-Вугорскай Імпэрыі. Вышыня над узроўнем Віслы – 134 мэтры. Дымэтр кургану – 80 мэтраў, а вышыня – 34 мэтры. А на адкрыцьцё кургану Касьцюшкі прышлі натоўпы!

Былі жыхары Кракава, які хацелі паставіць Касьцюшку ўсяго толькі помнік. Але грамадзкі дзеяч Францішак Ярчэўскі ўсё ж такі пераканаў скептыкаў, каб гэта быў курган. І нават манашкі з Ордэну Нарбэртанак, якія ўмеюць лічыць грошы й дбаць пра свае інтарэсы, згадзіліся бясплатна аддаць частку зямлі пад курган. Дарэчы, першапачаткова плянавалася, што вакол кургану паўстане вёска, дзе ў першую чаргу пасяліліся б нашчадкі сялян, што прымалі ўдзел у паўстаньні Касьцюшкі. Аднак пляны засталіся толькі плянамі.

У 1846 годзе плянаваўся рамонт кургана. У 1850 годзе аўстра-вугорскія войскі пачалі будаваць вакол пагорка фартыфікацыйныя збудаваньні.

У 1860 годзе на вяршыні кургана быў усталяваны памятны гранітны камень з надпісам «Касьцюшку» (зразумела, па-польску).

Падчас Першай сусьветнай вайны памятны камень быў выдалены й на вяршыні кургана быў разьмешчаны назіральны пункт.

20 кастрычніка 1936 года курган Касьцюшкі быў унесены ў рэестр ахоўваемых помнікаў.

Сёньня кожны жадаючы можа падняцца на Курган Касьцюшкі. Яго наведваньне платнае акрамя некалькіх дзён у год.
Курган Касьцюшкі – адзін з сымбаляў Кракава й адно з найбольш папулярных месцаў сярод турыстаў.
вс
слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт