Logo Polskiego Radia
Print

"Выбачаем Вас і просім прабачэньня"

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.11.2017 09:09
  • Выбачаем Вас і просім прабачэньня.mp3
18 лістапада 1965 г. польскія біскупы напісалі ліст нямецкім біскупам.
крыніца: e-civitas.pl

У кастрычніку 1965 году грамадзкай думкай ФРГ ускалыхнуў зварот Рады Эвангельскай царквы Нямеччыны, які гучаў так: «Сытуацыя з выгнанымі і адносіны нямецкага народу і ягоных усходніх суседзяў».

У гэтым звароце закраналіся важныя пытаньні, якія датычылі новай мяжы паміж Нямеччынай і Польшчай. Урад ФРГ не прызнаваў новай мяжы Польшчы, якая ахоплівала землі, што да вайны ўваходзілі ў склад Нямеччыны.

Зварот нямецкіх сьвятароў у першыню падняў пытаньне зьмены адносінаў ФРГ да Польшчы.

У звароце зазначалася, што дэпартацыя мільёнаў жыхароў з земляў увайшоўшых у склад Польшчы, ня згодна з міжнародным правам, і што Польшча ня мае права прэтэндаваць на гэты абшар, аднак нямецкі ўрад павінен адмовіцца ад патрабаваньня вяртаньня гэтых земляў. Гаварылася таксама, што нямецкі бок павінен выступіць з прапановай палітычнага дыялёгу, каб нейкім чынам палепшыць адносіны з Польшчай. Подпіс пад гэтым дакумэнтам паставіў, між іншым, будучы прэзыдэнт ФРГ Рыхард фон Вайцзэкер.

Хаця зварот выклікаў вялікую хвалю крытыкі, ён стаўся першым крокам на шляху паляпшэньня адносінаў паміж ФРГ і Польшчай.

Ліст польскіх біскупаў стаў свайго роду адказам, працягнутай рукой з боку польскага касьцёла, бо камуністычныя ўлады Польшчы глядзелі варожа на ўсе ініцыятывы, якія ішлі з ФРГ.

18 лістапада ў Рыме падчас Другога Сабору ў Ватыкане 34 польскіх біскупаў, сярод якіх быў кардынал Стэфан Вышыньскі і Кароль Вайтыла падпісалі «Ліст польскіх біскупаў да біскупаў нямецкіх».

Самым моцным пасылам лісту былі наступныя словы: «У духу хрысьціянства і духу чалавецтва працягваем да Вас руку, а таксама выбачаем Вас і просім прабачэньня».

Гэта быў знакавы ўчынак з боку польскага касьцёлу, які безумоўна быў нэгатыўна ўспрыняты камуністычным урадам ПНР. Улады абвінавацілі польскі касьцёл у фальсыфікацыі гісторыі, абароне нямецкіх інтарэсаў і дзяржаўнай здрадзе. Пачалася моцная хваля прапаганды і дзяржаўнага ціску на сьвятароў. СБ правяла размовы з больш чым 70% ксяндзоў, якія павінны былі сфарміраваць крытычныя адносіны да Ліста. Таксама былі зробленыя захады дзеля таго, каб дыскрэдытаваць касьцёл, як агента Захаду.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт