Logo Polskiego Radia
Print

25 лістапада 1764 году быў каранаваны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 25.11.2017 12:31
  • 25 лістапада 1764 году быў каранаваны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.mp3
Станіслаў Аўгуст ПанятоўскіСтаніслаў Аўгуст ПанятоўскіPhoto: www.polskieradio.pl/aut. Marcello Bacciarelli (1786)Foto: Lwowska Galeria Sztuki, Wikipedia/dp

У другой палове ХVІІІ стагодзьдзя Рэч Паспалітая, па прычыне ўнутранай палітычнай слабасьці, сталася аб’ектам рэгулярнага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы з боку суседніх краінаў, перад усім Расейскай Імпэрыі. У самой Рэчы Паспалітай узьнікалі розныя палітычныя групы, якія абапіраючыся на вонкавыя сілы, намагаліся рэалізоўваць свае інтарэсы.

Адной з такіх груп была «Фамілія», якая стварылася вакол дзьвюх найбольш уплывовых сем’яў: Чартарыйскіх і Панятоўскіх.

Гэта была група рэфармістаў, якая жадала ўвесьці шэраг зьменаў у палітычным жыцьці дзяржавы: адмяніць «liberum veto», цэнтралізаваць уладу караля, што павінна было прывесьці да ўзмацненьня Рэчы Паспалітай. У сваіх намерах, яны вырашылі абаперціся на Расею і яе войскі. Кандыдатам на ролю караля быў выбраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ён, у сваю чаргу, быў у вельмі блізкіх адносінах з імпэратрыцай Кацярынай ІІ. Панятоўскі нават пісаў да яе, якія рэформы зьбіраецца праводзіць у дзяржаве. У сваю чаргу Кацярына ІІ пісала да свайго саюзьніка Фрыдрыха ІІ караля Прусіі, што Панятоўскі з усіх кандыдатаў на караля мае найменш шанцаў атрымаць карону, а таму "будзе бясконца ўдзячны нам, за тое, што мы дапамаглі яму атрымаць карону".

Супернікамі ў барацьбе за ўладу ў Рэчы Паспалітай была гэтак званая «Гетманская» група на чале з Вялікім Гетманам Каронным Янам Клемэнсам Браніцкім, які быў у асабістай апазыцыі да Аўгуста Аляксандра Чартарыйскага. Гэтая група імкнулася захаваць старыя шляхецкія традыцыі і арыентавалася на Францыю і Аўстрыю і разьлічвала на тое, што каралём стане прадстаўнік саксонскай дынастыі Ветынаў. Адным з вядомых чальцоў «Гетманскай» групы быў ваявода Віленьскі Карл Станіслаў Радзівіл.

Каб забясьпечыць сабе перавагу, «Фамілія» зьвярнулася да Расеі з просьбай даслаць войскі,

што і было зроблена. Спробы спыніць расейцаў у бітве пад Слонімам у 1764 годзе былі не пасьпяховымі. Пасьля гэтага, ужо нічога не перашкаджала «Фаміліі» у іх плянах атрыманьня кароны. Апошняе супрацьстаяньне адбылося ў Варшаве, куды лідэры «Гетманскай» групы і «Фаміліі» сьцягнулі войскі ў горад, дзе павінна было адбыцца паседжаньне Канвакацыйнага сэйму, які павінен быў пачаць прыгатаваньні для выбараў караля. У Варшаву, па жаданьні Чартарыйскага, былі ўведзены расейскія войскі.

У жніўні 1764 году ў Варшаве адбыўся каранацыйны сэйм, на якім каралём быў абраны Станісоаў Аўгуст Панятоўскі, а 25 лістапада 1764 году, у дзень імянін Кацярыны ІІ, ён быў каранаваны.

Варта падкрэсьліць, што праз 31 год, 25 лістапада 1795 году Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адрокся ад кароны на карысьць Расеі.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт