Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.11.2017 15:08
  • Kowalczyk.mp3
Музыкант, які ня вельмі любіць сьпяваць...
www.pixabay.com

Гэты выканаўца 30 лістапада адзначыў 30-годзьдзе сваёй эстраднай працы, хаця далёка ня ўсе палякі ведаюць ягонае імя ў якасьці славутага песьняра. Дарэчы, сам музыкант прызнаецца, што ён ня вельмі любіць сьпяваць, ахвотней рыхтуе песьні ды музыку для кагосьці іншага. І што, калі піша песьню, то ўжо ведае, хто павінен яе прасьпяваць. Аднак і сам часам выконвае свае кампазыцыі.

Некалькі слоў пра самога выканаўцу. Завуць яго Андрэй (Анджэй), прозьвішча Кавальчык (Andrzej Kowalczyk), псэўданім «Э-моль». Нарадзіўся пясьняр у 1969 годзе. На ягоным профілі ў сацсетках напісана, што ён – музыкант, аўтар тэкстаў, кампазытар, аранжыроўшчык, сябра Зьвязаў артыстаў. Часам бывае таксама сцэнарыстам, рэжысёрам, журналістам, а нават акторам. Вось такая багатая асабовасьць. Аднак, нягледзячы на тое, што спадар Анджэй ня вельмі любіць сьпяваць, то ўсё ж такі ён выконвае песьні, праўда, ня вельмі часта, але яны цікавыя і вартыя ўвагі. Сам ён сябе называе артыстам незалежнай сцэны, якога цікавяць вельмі розныя музычныя формы, ад песьняў у выкананьні хору да сымфанічнай рок-музыкі. Аўтар некалькіх соцень музычных твораў, якія выкарыстоўваліся ў якасьці гукавой дарожкі ў шматлікіх радыё- і тэлепраграмах.

Музыкант стараецца прымаць удзел у грамадзкім жыцьці краіны. Ён актыўна выступае супраць спажываньня наркатычных рэчываў, удзельнічаў у акцыі «Я вяду машыну – я цьвярозы», дапамагае ў інтэграцыі артыстаў-інвалідаў.

На днях выйшла новая кружэлка Анджэя Кавальчыка. Называецца кампакт-дыск «Перад тым..». («Zanim»). Для яго гэта самы важны кампакт, пра што сам гаворыць. І што гэтай кружэлкай ён замыкае нейкі разьдзел у сваім жыцьці. А я прапаную вам кампазыцыю, якая паходзіць з ранейшых запісаў выканаўцы. Яе назоў – «Купец і дождж».

Dokąd idziemy, przecież mamy skrzydła,

Co pozwolą spojrzeć na wszystko z góry.

Dokąd biegniemy – my, wieczne straszydła,

Komu mówić, że świat jest ponury?

Czarno – biało widzimy, co jest za zakrętem.

Nim usta otworzymy, już po nas tętent.

Komu dziś prawdę, za co życie tracić

Przecież jutro i tak nas podepczą.

W czyim imieniu warto kłamcę obnażyć

Ci, co głos mają i tak nas nie zechcą.

Czarno – biało widzimy, co jest za zakrętem,

Nim usta otworzymy, już po nas tętent.

Куды мы ідзем, у нас жа ёсьць крылы, якія дазволяць паглядзець на ўсё зьверху. Куды мы бяжым – мы, вечныя страшылы. Каму казаць, што сьвет пануры.

Чорна па белым мы бачым, што за паваротам. Перад тым, як мы адкрыем рот, ужо пасьля нас тупат. Каму сёньня праўду, за што жыцьцё растрачваць. Заўтра ж нас і так растопчуць. Ад каго імя варта ілгуна адкрыць? Тыя, хто маюць голас, і так нас не захочуць.

Чорна па белым мы бачым, што за паваротам. Перад тым, як адкрыем рот, ужо пасьля нас тупат.

Dokąd idziemy – куды мы ідзём. Па-польску таксама часта ў дадзеным значэньні гаворыцца «gzie idziemy», што азначае дакладна тое ж самае – куды ідзём.

Z góry – зьверху. На польскай мове гэта два выразы, на беларускай – адно слова.

Świat jest ponury – сьвет пануры. Слова «пануры», думаю, зразумелае нашым слухачам. Панурым можа быць як чалавек, у якога дрэнны настрой, дэпрэсія або проста такі характар (некантактны), так і, скажам, надвор’е (цёмна, холадна і непрыемна) або нейкае месца, дзе непрыемна знаходзіцца.

Za zakrętem – за паваротам. Гэтае словазлучэньне можа ўжывацца як у прамым сэнсе – за паваротам, так і ў пераносным значэньні. Калі хтосьці знаходзіцца «na zakręcie», то гэта азначае, што ў ягоным жыцьці адбываюцца або вось-вось адбудуцца вялікія перамены, да канца невядома, у які бок – лепшы, ці горшы.

Nim usta otworzymy – перад тым, як мы адкрыем рот. Па-польску usta- гэта рот, а вось вусны – гэта wargi.

W czyim imieniu – ад імя кагосьці. Тут, прызнаюся, у мяне ўзьнікла дылема. Няма ніякіх цяжкасьцяў з формай «ад майго, ад твайго імя», але вось цяжка перакласьці даслоўна на беларускую мову «w czyimś imieniu». Бадай, адзіная магчымая форма – ад імя каго?

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт