Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.12.2017 14:34
  • Witaj Mikołaju.mp3
Ян Барысэвіч вітае ў Польшчы Сьвятога Мікалая.
www.pixabay.com

Пра гурт «Lady Pank» я ўжо калісьці расказвала ў гэтай перадачы, а сёньня хачу прадставіць песьню ў сольным выкананьні лідара гэтага калектыву Яна барысэвіча (Jan Borysewicz). Пра музыканта можна расказваць доўга, ён прадстаўляе мэдыям, асабліва гэтак званай жоўтай прэсе, шмат сэнсацыйных зьвестак, пра якія можна пісаць.

Музыкант ужо ў пэнсійным узросьце, але ўсё яшчэ любіць узбуджаць зацікаўленьне сваёй асобай. СМІ пішуць, што рок-музыкант перажывае трэцюю маладосьць, паколькі зьвязаўся з маладой прыгожай жанчынай. Яго дзьве ранейшыя «маладосьці» таксама былі бурныя. Вядома, што ў сцэнічным асяродзьдзі, асабліва сярод рок-музыкантаў, жыцьцё як правіла вясёлае, поўнае алькаголю, наркотыкаў ды выпадковых палавых зносінаў. Барысэвіч не стараніўся ад такога жыцьця, але здароўе дало пра сябе знаць. Калі ён прачнуўся ў шпіталі пасьля інфаркту, то адразу вырашыў адмовіцца ад цыгарэт. Але засталася яшчэ гарэлка. Калісьці музыкант так гучна сьвяткаваў свой дзень нараджэньня, што ўпаў зь лесьвіцы. Дарэчы, сьвяткаваньне працягвалася... тры месяцы. Пасьля гэтага здарэньня ён абяцаў сабе, што ўжо больш не ўпадзе. І адмовіўся ад сьпіртных напояў.

Сам Барысэвіч кажа, што для яго вельмі важная вера ў Бога, хаця ён рэгулярна не наведвае касьцёл. Тым ня менш, узорам для яго заўсёды была ягоная маці, глыбока веруючы і вельмі добры чалавек. Калі музыкант быў яшчэ падлеткам, яна цяжка захварэла, і хлопцу прыйшлося ёй апекавацца. У 16 гадоў ён пайшоў працаваць, і адначасна вучыўся. Цяпер музыка гаворыць, што вера дапамагла яму адмовіцца ад дрэнных звычак, паколькі ягоная малодшая дачка, якая жыве ў Італіі, малілася, каб бацька кінуў алькаголь.

І пара ўжо перайсьці да песьні. 6 сьнежня ў Польшчы адзначаюцца імяніны Мікалая, гэтак званыя «Мікалайкі». З гэтае нагоды дзеці атрымліваюць дробныя падарункі ад сьвятога Мікалая. І таму я выбрала кампазыцыю Яна Барысэвіча, у якой дзе гаворка пра сьвятога Мікалая – „Witaj w kraju, Mikołaju”.

Mikołaju nareszcie wracasz znów,

Witaj w kraju jak dawniej pełnym snów,

Co tam w raju, o którym ciągle śnię?

Baju baju no nie mów że tak źle.

Jakoś leci normalnie dzień i noc

Rosną dzieci i wierzą w twoją moc

Spraw im proszę jeden mały cud

By za grosze wszystkiego było w bród

Co dzień co dzień

Tobie ślemy kartkę za kartką

Co dzień co dzień

Podajemy co przywieść warto

Mikołaju, co spadasz prosto z chmur,

Przynieś z raju choć kilka złotych gór.

Popatrz wokół i powiedz sam jak jest,

w przyszłym roku liczymy na twój gest.

Мікалай, ты ўрэшце вяртаесься зноў. Вітаем у краіне, як і калісьці, поўнай сноў. Што чуваць у раю, які мне пастаянны сьніцца? Баю-бай, ну, не кажы, што так дрэнна. Неяк справы ідуць нармальна, дзень і ноч. Растуць дзеці, вераць у тваю моц. Зрабі ім, калі ласка, адзін малы цуд. Каб за капейкі ўсяго быў дастатак.

Штодзённа, штодзённа мы высылаем паштоўку за паштоўкай. Штодзённа, штодзённа мы пішам, што варта прывезьці.

Мікалай, ты падаеш прама з хмараў, прынясі з раю хаця б некалькі залатых гор. Паглядзі навокал і скажы сам, як тут жывецца. У будучым годзе мы разьлічваем на твой жэст.

Jakoś leci normalnie – неяк ідуць справы, нармальна. Тут, канешне, нічога не ляціць, гаворка ідзе пра жыцьцё, справы. Часта палякі, калі сустракаюць знаёмых, сяброў, то пытаюць іх «Jak leci?». Беларус бы сказаў «Як справы, што чуваць?». Таксама палякі гавораць «Co tam słychać?», але тут я хацела сказаць пра гэтыя фразэалягізм, які выкарыстаны ў песьні.

Za grosze wszystkiego było w bród – за капейкі ўсяго было пад дастаткам, багата, шмат. Трэба зьвярнуць увагу, што ёсьць два словы, якія гучаць аднолькава, але пішуцца інакш. Brud, які пішацца з літарай у (гэтак званае u otwarte) – гэта беларускі бруд, а вось bród, што пішацца праз ó (kreskowane) – гэта брод. Фразэалягізм «wszystkiego w bród» пішацца з літаркай ó. Цікава, якое паходжаньне гэтага словазлучэньня. Можа, гэта азначае так многа рэчаў, што можна ў іх брадзіць, як у вадзе?

Powiedz sam jak jest – скажы сам, як выглядаюць справы. Калі паляк гаворыць «Jest jak jest», то гэта азначае, што ён пагадзіўся з сытуацыяй, і ня верыць, што ўдасца нешта зьмяніць. А ў дадзеным выпадку словазлучэньне «jak jest», азначае, што аўтар гэтых слоў канстатуе сытуацыю, бягучыя падзеі.

Liczymy na twój gest – мы разьлічваем на твой жэст (на тваю шчодрасьць). Пагаворка «mieć gest» азначае «быць шчодрым, умець падзяліцца з іншымі сваім багацьцем».

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт