Інгрэдыенты: шклянка малака, паўшклянкі буйных аўсяных шматкоў тыпу «Геркулес», 2-3 курагі, разынкі, сушаная журавіна, карыца, апцыянальна мёд і сьметанковае масла.
Сухафрукты прамываем у халоднай вадзе, курагу рэжам на дробныя кавалачкі – тое ж самае можна зрабіць з буйнымі разынкамі.
У глыбокую талерку засыпаем шматкі, а таксама вышэйзгаданыя сухафрукты й крышачку карыцы.
Награваем у каструльцы малако (тлустасьць па выбару). Як толькі малако закіпіць, здымаем рондаль і заліваем малаком зьмесьціва талеркі.
Паводле густу можам дадаць трохі масла. Накрываем посуд іншай талеркай або сподачкам і пакідаем на 10-15 хвілін.
Праз 10-15 хвілін наша смачная аўсянка гатовая! Як варыянт можна дадаць мёд. Перамешваем і прыступаем да трапезы!
У якасьці варыянту можна зрабіць аўсянку з натуральным ёгуртам. Асноўныя інгрэдыенты такія ж, як і для аўсянкі на малацэ. Аднак замест малака гатуем ваду й кіпенем заліваем аўсяныя шматкі, прыкладна сантымэтар-паўтара над лініяй шматкоў. Накрываем талеркай на 10-15 хвілін.
Аўсянка з малаком і мёдам
Пасьля гэтага аўсянку перамешваем і падаём зь ёгуртам. Найлепш падаваць асобна: аўсянку ў адной талерцы, а ёгурт – у асобным кубку альбо глыбокай талерцы. У такой сытуацыі нашае сьнеданьне выглядае больш эстэтычна ў параўнаньні з варыянтам, калі б усё перамяшаць. У якасьці альтэрнатывы можна дадаць на шматкі парэзаны банан ды вадкі мёд – альбо ў кубачку, альбо ім паліць нашу кашыцу. Ну, і ядзім у прыкуску – лыжка аўсянкі, банан, лыжка ёгурту.
Атрымліваецца вельмі смачна й сытна.Калі вы баіцеся, што без гатаваньня аўсянка будзе цьвёрдай, то гэта ня так: яна будзе мяккай, пры гэтым захавае больш карысных рэчываў у параўнаньні з клясычным спосабам прыгатаваньня.
Смачна есьці!
Smacznego!
Валеры Саўко
фота аўтара
слухайце далучаны гукавы файл