Logo Polskiego Radia
Print

24 лютага 1768 году быў падпісаны Варшаўскі трактат

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 24.02.2018 12:46
  • 24 лютага 1768 году быў падпісаны Варшаўскі трактат.mp3
Дамову паміж расейскімі ўладамі і каралём Рэчы Паспалітай можна лічыць першым крокам да першага падзелу.
Генэрал Мікалай РэпнінГенэрал Мікалай Рэпнінcommons.wikimedia.org

Варшаўскі рактат стаў прыкладам поўнай страты Рэччу Паспалітай сваёй унутранай незалежнасьці, калі асноўныя пытаньні краіны вырашаліся наўпрост Расеяй.

Пачалося ўсе з абраньня на трон караля Рэчы Паспалітай Аўгуста Панятоўскага ў 1764 годзе. Спробы Чартарыйскіх, якія спадзяваліся правесьці рэформы па цэнтралізацыі дзяржавы і яе мадэрнізацыі, абапіраючыся на Расею, напаткалі сур’ёзны супраціў, як унутры Рэчы Паспалітай, так і з боку Расеі. Апошняя не жадала зьменаў у Рэчы Паспалітай і безагаворачна прымушала ўлады Рэчы Паспалітай прымаць выгадныя ёй рашэньні.

Галоўнай фігурай у гэтых справах быў князь Мікалай Рэпнін, які рэалізоўваў палітыку Пецярбурга ў Варшаве.

З мэтай аслабленьня і стварэньня ўнутраных канфліктаў у Рэчы Паспалітай, Рэпнін выкарыстоўваў так званае пытаньне дысыдэнтаў, то бок не каталіцкага насельніцтва, і імкнуўся зраўняць іх правы з католікамі.

Апроч розных інтрыг і гульняў для ціску на Рэч Паспалітую выкарыстоўваліся расейскія войскі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай дзеля падтрымкі так званых канфэдэрацый. Асноўнай была Слуцкая канфэдэрацыя, утвораная праваслаўнымі і пратэстантамі Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ў 1767 годзе.

У 1767 годзе Рэпнін арганізаваў паседжаньне Сэйма, які атрымаў назву "Рэпнінскага". На гэтым Сэйме разглядаліся пытаньні, зьвязаныя са зраўнаньнем правоў католікаў і не католікаў. Сэйм таксама распрацаваў дамову паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай, якая замацоўвала правы не католікаў. Дамова давала праваслаўным і пратэстантам магчымасьць займаць найважнейшыя пасады ў краіне, акрамя каралеўскай пасады, пры зьмяшаных шлюбах дочкі прымалі веру па маці, сыны па бацьку. Расея таксама брала на сябе абавязак быць гарантам межаў Рэчы Паспалітай і яе законаў.

24 лютага 1768 Варшаўскі трактат быў падпісаны расейскімі ўладамі і каралём Рэчы Паспалітай. Ён выклікаў абурэньня часткі шляхты, якая не пагаджалася на беспардоннае ўмяшальніцтва Расеі. Была ўтворана Барская канфэдэрацыя, якая распачала вайсковыя дзеяньні супраць лаялістаў і расейцаў, што ў сваю чаргу прывяло да першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт