Logo Polskiego Radia
Print

3 сакавіка 1918 году быў заключаны Берасьцейскі мір

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.03.2018 09:15
  • 3 сакавіка 1918 году быў заключаны Берасьцейскі мір.mp3
Дамова азначала капітуляцыю Расеі і выхад яе з Першай сусьветнай вайны.
Gen. Max Hoffmann, Ottokar Czernin, Talaat Pasza i Richard von Kühlmann(ang.) podczas rokowań pokojowych w BrześciuGen. Max Hoffmann, Ottokar Czernin, Talaat Pasza i Richard von Kühlmann(ang.) podczas rokowań pokojowych w Brześciucommons.wikimedia.org/ Public Domain

Гэта сэпаратная мірная дамова паміж Кайзераўскай Нямеччынай, Аўстра-Венгерскай Імпэрыяй, Турцыяй і Балгарыяй з аднаго боку і з бальшывіцкай Расеяй з другога, якая была падпісана ў горадзе Берасьце.

Дамова азначала капітуляцыю Расеі і выхад яе з Першай сусьветнай вайны. Чаго, па сутнасьці, дамагаліся немцы, калі падтрымлівалі ідэю рэвалюцыі ў Расеі. Абяцаньне вывесьці Расею з вайны было адным з асноўных у праграме бальшавікоў.

Перамовы пра падпісаньне міру пачаліся 14 лістапада 1917 году, амаль адразу пасьля рэвалюцыі.

Адным з патрабаваньняў Савецкай Расеі быў двухбаковы вывад войскаў з занятых тэрыторыяў і заключэньне міру без анэксій і кантрыбуцый.

У сваю чаргу нямецкая камісія заявіла, што некаторыя былыя тэрыторыі Расеі, Літва, Польшча, Курляндыя выказаліся за выхад са складу Расеі, і таму ня могуць разглядацца ёю як прыналежныя да Расеі тэрыторыі. Пазьней да перамоваў далучылася дэлегацыя Ўкраінскай Народнай Рады, якая таксама не прызнавала ўлады Савецкай Расеі.

Бальшавіцкі ўрад ня мог пагадзіцца з гэтай сытуацыяй, а таму ў Маскве было прынятае рашэньне зацягваць перамовы з немцамі як мага даўжэй у спадзяваньні на рэвалюцыю ў самой Кайзераўскай Нямеччыне.

Бальшавікі нават распачалі рэвалюцыйную агітацыю сярод нямецкіх вайскоўцаў, але яна была вельмі хутка спынена нямецкім камандаваньнем. Але рэальных магчымасьцяў у бальшавікоў супрацьстаяць нямецкаму напору не было.

У студзені 1918 году немцы зьмянілі патрабаваньні і паставілі бальшавікоў перад фактам, што яны займаюць прыбалтыйскія тэрыторыі, Польшчу, частку Беларусі і Ўкраіны. Зразумела, што савецкая дэлегацыя, на чале з Троцкім адмовілася падпісваць гэтыя пагадненьні, хаця Ленін настойваў на падпісаньні з немцамі міру ў любым выглядзе.

У адказ 18 лютага 1918 году нямецкае камандаваньне ўзнавіла вайсковыя дзеяньні супраць Расеі. За пяць дзён немцы без супраціўленьня прасунуліся ў глыб расейскіх тэрыторыяў на 200-300 км. і цалкам занялі Беларусь, значную частку Ўкраіны.

Петраград быў пераведзены на вайсковае палажэньне. Менавіта тады 23 лютага ўтвараюцца рэвалюцыйныя рабочыя войскі для абароны гораду ад немцаў. Гэты дзень лічыўся днём савецкага войска і ваеннага марскога флоту ў СССР, а зараз зьяўляецца Днём абаронцы айчыны. Але гэта не выратавала сытуацыі. У "чырвонае" войска запісалася 10 тыс. добраахвотнікаў.

Бальшавікі апынуліся ў тупіковай сытуацыі і вымушаны былі пагадзіцца з нямецкімі патрабаваньнямі.

3 сакавіка 1918 году быў падпісаны Берасьцейскі мірны дагавор. У выніку падпісаных дамоўленасьцяў ад Расеі была адарвана тэрыторыя ў 780 тыс. кв. кілямэтраў з насельніцтвам у 56 мільёнаў чалавек. Дамоўленасьці з немцамі сталіся штуршком для грамадзянскай вайны ў Расеі.

Берасьцейскія дамоўленасьці праіснавалі да лістапада 1918 году, калі ў Нямеччыне адбылася рэвалюцы, у выніку чаго Берасьцейскі мір быў скасаваны.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт