Logo Polskiego Radia
Print

Дотык здымае боль

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 02.03.2018 15:37
Гэта даказалі навейшыя дасьледаваньні нэўролягаў.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Дотык зьяўляецца першабытным нашым адчуваньнем. Яго рэцэптары знаходзяцца ў скуры, паверхня якой складае ажно 2 квадратныя мэтры. Для мозгу дотык зьяўляецца прыярытэтам.

Навукоўцы кажуць, што гладжаньне і абдыманьне выклікаюць сакрэцыю эндарфін – гармонаў шчасьця. Шчыльнасьць разьмяшчэньня рэцэптараў эндарфіну ў нэйроннай сетцы (якая фарміруе мозг) супадае з памерам сацыяльнай сеткі, якую стварае сабе чалавек. Гэта значыць, што дотык зьяўляецца інструмэнтам пабудовы сувязяў паміж людзьмі.

Цяпер, калі зьявіліся магчымасьці адначасова назіраць за працай мозгу некалькіх чалавек, дасьледаваньні пайшлі наперад. Аказалася, што знаходжаньне ў групе людзей сынхранізуе іх мазгі. Гэта адбываецца, калі людзі размаўляюць, сьпяваюць, і г.д.

У тыднёвіку «PNAS» навукоўцы распавялі пра вынікі праведзенага экспэрымэнту, у якім прынялі ўдзел 22 гетэрасэксуальныя пары. Жанчын паддавалі ўзьдзеяньню электрычнага току. Мужчыны павінны былі дапамагаць дотыкам.

Вучоныя засяродзілі ўвагу на гэтак званых хвалях альфа-му (частата 8-12 Hz). Раней дасьледаваньні паказалі, што гэтыя хвалі зьвязаныя з успрыманьнем болю і адыгрываюць важную ролю ў эмпатыі. Яны зьяўляюцца ў мозгу, напрыклад, падчас адпачынку з закрытымі вачамі, і зьнікаюць, калі расплюшчваем вочы. Няма гэтых хваль падчас інтэлектуальнага высілку.

У выніку экспэрымэнту стала вядома, што хвалі альфа, якія высылалі мазгі абодвух партнэраў, сынхранізуюцца падчас дотыку. Жанчыны ў той жа час казалі, што дотык партнэра зьмяншаў адчуваньне болю ад удараў электрычнага току.

Гэта чарговы доказ значэньня дотыку для сацыяльных сувязяў і міжлюдзкой камунікацыі і таго, як ён уплывае на наш добры настрой.

Выснова: адзінота баліць.

Gazeta Wyborcza/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт