Logo Polskiego Radia
Print

10 сакавіка 1959 г. пачалося Тыбэцкае паўстаньне

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 10.03.2018 08:23
  • 10 сакавіка 1959 г. пачалося Тыбэцкае паўстаньне.mp3
Паўстаньне, у пэўным сэнсе, зьвязанае са сьвятаў «Манлам».
Photo:Gorup de Besanez - Opera propria/il.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

У 1951 годзе ў выніку вайны паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Тыбэтам, якую Тыбэт прайграў, была падпісаная «Дамоўленасьць 17 пунктаў», згодна з якой «Тыбэт вяртаўся ў сям’ю народаў маці-радзімы – Кітайскай Народнай Рэспублікі». Іншымі словамі тэрыторыя Тыбэту ўвайшла ў склад КНР.

Варта дадаць, што яшчэ ў 1950 годзе духовым і палітычным кіраўніком Тыбэту стаў Далай Лама ХІV Тэнзін Гьямцхо.

Пэкін пачаў інтэнсіўна праводзіць сацыялістычныя рэформы ў Тыбэце, а таксама ініцыяваў працэсы «кітаізацыі». Больш таго, насельніцтва Тыбэту крайне нэгатыўна ўспрыняла падпісаньне «17 пунктаў».

Прычынай паўстаньня стала адно з самых важных сьвятаў у Тыбэце «Манлам».

Гэта Вялікі малітвенны фэстываль, сьвята прысьвечана перамозе Буды над моцамі цемрашальства, ярасьці, сквапнасьці. Падчас урачыстасьці Далай-лама (духовы кіраўнік Тыбэту) праводзіць службу. Разам з гэтым кітайскія вайскоўцы запрасілі Далай-ламу на ўласную ўрачыстасьць, якая прыпадала на 10 сакавіка і перакрыжоўвалася з тыбэцкім фэстывалем. Далай-лама прыняў запрашэньне, хаця гэта супярэчыла традыцыям, больш таго, ягонае атачэньне баялася, што і лідэр будзе скрадзены.

10 сакавіка тысячы паломнікаў атачылі палаць Далай-Ламы, каб не дазволіць яму выйсьці з яго і каб яго не скралі кітайцы.

Усё гэта напоўнілася глыбокімі антыкітайскімі настроямі. У Лхасе натоўп стаў забіваць тых, хто супрацоўнічаў з афіцыйным Кітаем. 12 сакавіка падчас шматтысячных мітынгаў было абвешчана вяртаньне да незалежнасьці. У людзей паявілася зброя, на вуліцах Лхасы будаваліся барыкады. Праз некалькі дзён кітайскія войскі пачалі абстрэл сталіцы і палацу Далай Ламы. Пасьля гэтага пачалася падрыхтоўка эвакуацыі Далай-ламы і 15 сакавіка ён назаўжды пакінуў Тыбэт, і па сёньняшні дзень знаходзіцца ў эміграцыі.

Паўстаньне доўжылася ўсяго некалькі дзён і потым перарасло ў партызанскую вайну, якая доўжылася да сярэдзіны 60-х гадоў і нават выклікала кітайска-індыйскі памежны канфлікт.

Кітай абрынуў усю моц свайго войска дзеля таго, каб цалкам задушыць супраціў і паглыбіць кітаізацыю.

Па розных дадзеных, у выніку канфлікту ад самага пачатку, загінула 95 тыс. паўстанцаў Тыбэту. У наступныя гады былі зьнішчаны тысячы манастыроў, пачалася масавая эміграцыя. У сваю чаргу кітайскі ўрад падтрымліваў перасяленьне кітайцаў у Тыбэт.

Супраціў кітайскай прысутнасьці працягваецца да нашых дзён. Адным з апошніх буйных антыкітайскіх пратэстаў быў пратэст у Лхасе ў 2008 годзе, калі тыбэтцы пачалі граміць кітайскія аўто і крамы. Каб супакоіць сытуацыю, урад увёў у Лхасу кітайскія войскі.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт