Logo Polskiego Radia
Print

Сонцаахоўныя крэмы карысныя ці шкодныя

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.05.2018 13:34
Дэрматолягі абвяргаюць усе закіды, акрамя аднаго.
BIld: pixabay.com/CC0 Creative Commons

Існуе шмат рознагалосьсяў адносна таго, ці сонцаахоўныя крэмы дапамагаюць, ці шкодзяць здароўю.

Некаторыя выкарыстоўваюць крэм кожны раз, калі знаходзяцца на сонцы, іншыя лічаць сонцаахоўны крэм непатрэбным прадуктам.

Штогод на пачатку сонечнага сэзона ў СМІ зьяўляюцца папярэджаньні пра шкодны ўплыў сонца, якое можа выклікаць рак скуры. Праціўнікі гэтага меркаваньня лічаць, што гэта кампанія касьметычных фірмаў, якія імкнуцца як мага больш раскруціць продаж.

Паводле супрацьлеглага меркаваньня, загар - гэта карысна для здароўя, а прадукты, якія ўтрымліваюць фільтры, гэта адна хімія, якая залішне абцяжарвае скуру, і нават можа нэгатыўна паўплываць на ўвесь арганізм.

Найбольш сур'ёзныя абвінавачваньні супраць УФ-фільтраў датычаць узьдзеяньня на эндакрынную сыстэму, што, як мяркуецца, дае збой у працы цэлага арганізму. Спрэчкі выклікае, у прыватнасьці, адно злучэньне – оксібензон. "Польскае дэрматалягічнае таварыства" супакойвае, што пабочныя эфэкты ўзьдзеяньня гэтага рэчыва на арганізм чалавека могуць паявіцца пасьля штодзённага ўжываньня крэму з оксібензонам на працягу больш за 35 гадоў.

Сонцаахоўныя крэмы выклікаюць алергію – кажуць крытыкі. У сваю чаргу дэрматолягі адзначаюць, што гэтыя прадукты могуць выклікаць ці не выклікаць алергію ў любога як кожны іншы крэм.

Аднак, як падкрэсьліваюць мэдыкі, асьцярожнасьць павінны захаваць тыя, хто выкарыстоўваюць несьцероідныя супрацьзапальныя прэпараты (кетапрафен, этафенамат). У гэтых асоб хімічны фільтар, асабліва бензафенон 3, можа выклікаць фотаалергічную рэакцыю.

Існуе яшчэ адно спрэчнае пытаньне: ці крэмы з УФ-фільтрамі спыняюць працэс сынтэзу вітаміну D?

Дэрматолягі кажуць, што гэта няпраўда, але калі ў каго ёсьць сумневы, то раяць правяраць узровень гэтага вітаміну, а калі існуе дэфіцыт, глытаць вітамін у таблетках. Гэта, паводле мэдыкаў, лепш, чым інтэнсіўнае загараньне без сонцаахоўнага крэму.

rp.pl/nauka/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт