Logo Polskiego Radia
Print

19.05.1922 г. паўстала Піянерская арганізацыя

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 19.05.2018 13:36
  • 19.05.1922_піянерская арганізацыя.mp3
У сталінскія гады піянеры выкарыстоўваліся ў выкрываньні «ворагаў народу».
http://www.mira16.com

Стварэньне піянерскай арганізацыі было абумоўлена неабходнасьцю выхоўваньня дзяцей у духу адданасьці камунізму. Арганізацыя была створана на базе скаўцкіх арганізацый, якія існавалі ў Расеі да рэвалюцыі. Аднак ідэалёгія скаўтаў не адпавядала патрабаваньням новай улады. Таму ў 1919 годзе скаўцкія арганізацыі былі распушчаны.

Піянерская арганізацыя пераняла амаль усе скаўцкія сымбалі

Трохвугольны гальштук зялёнага колеру быў заменены чырвоным, замест зялёнай кашулі, была ўведзена белая. Нават словы-дэвіз «Будзь гатовы! Заўсёды гатовы» былі пераняты са скаўцкай практыкі.

19 траўня 1922 году афіцыйна было заяўлена пра стварэньне дзіцячай піянерскай арганізацыі. Якая першапачаткова называлася «Юныя піянеры імя Спартака.

Пасьля сьмерці Леніна ў 1924 годзе, яна была перайменавана ва Ўсесаюзную піянерскую арганізацыя імя Леніна.

У сталінскія гады піянеры актыўна выкарыстоўваліся ў выкрываньні «ворагаў народу»

У якасьці прыкладу прыводзяць гісторыю Паўліка Марозава, які нібыта данёс на свайго бацьку, за тое, што той скрываў збожжа, а таксама сьведчыў супраць яго ў судзе. І гэта быў не адзіны прыклад. Піянер Проня Калыбін данёс на сваю маці, якая пайшла на поле, сабраць каласкоў, каб накарміць дзяцей. У выніку маці саслалі ў лягер, а Проня паехаў у Артэк.

Піянерская арганізацыя сталася масавай, сяброўства ў ёй абавязковым. У 80-я гады колькасьць сябраў арганізацыі складала 23 мільёны чалавек.

Пасьля распаду СССР і забароны камуністычнай партыі піянерская арганізацыя перастала існаваць.

Толькі ў Беларусі яна аднавіла сваю дзейнасьць атрымаўшы назву «Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі». На сёньняшні дзень колькасьць піянераў у Беларусі складае 400 тыс. чалавек.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт