Logo Polskiego Radia
Print

Паляк першым у гісторыі казаў пра заваёўваньне космасу

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 24.05.2018 15:47
  • 24.05.18_навука.mp3
Ары Штэрнфэльд адважыўся сказаць, што чалавек можа паляцець у космас.
Ары ШтэрнфэльдАры ШтэрнфэльдCC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1739918

Усе лічаць, што заслугі ў заваёўваньні космасу належаць амэрыканцам і расейцам, насамрэч, мара аб палётах у космас стала рэальнасьцю на польскай зямлі. Менавіта паляк габрэйскага паходжаньня Ары Штэрнфэльд адважыўся сказаць і даць доказы таго, што чалавек можа паляцець у космас.

- А ўсё пачалося з малітвы, – кажа Ежы Кавальскі, былы дырэктар Акруговага музэя ў мястэчку Серадз, дзе нарадзіўся Штэрнфэльд.

Е.Кавальскі: Бацька хацеў, каб ён пайшоў рэлігійным шляхам, магчыма, у будучыні стаў бы рабінам. Калі пачынаўся месяцавы месяц, бацька з малым Арым выходзілі на панадворак і маліліся. Між іншым, бацька казаў: "Каб для ворагаў мы былі так недасяжнымі, як Месяц недасяжны для нас". Потым Ары ўспамінаў, што тады ён задаваўся пытаньнем: "Чаму чалавек ня можа паляцець на гэты ж Месяц і, магчыма, яшчэ далей?".

У Ары быў тэхнічны склад розуму і ён стаў рабіць вылічэньні. Спачатку ён паступіў у Ягелёнскі ўнівэрсытэт у Кракаве, але праз год пераехаў у Францыю, бо спадзяваўся, што там знойдзе падтрымку. У 1927 годзе закончыў інжынэрнае ВНУ па мэханіцы. Свае вылічэньні па космасе завяршаў ужо ў Польшчы.

Е.Кавальскі: У Францыі ён карыстаўся падліковымі машынамі, але заканчваў вылічэньні ў Лодзі, таму што францускія навуковыя кіраўнікі не падтрымлівалі яго дасьледаваньняў. У 1931 годзе Ары Штэрнфэльд зьвярнуўся да двух прафэсараў і хацеў іх пазнаёміць са сваімі дасьледаваньнямі. Яны востра раскрытыкавалі працу паляка і сказалі, што гэта нейкая фантазія. Прафэсары закрычалі «Не! Вы можаце пісаць пра мэханіку, металарэзаньне, пра што захочаце, атрымаеце стыпэндыю, але не пра такое глупства!» І адмовіліся.

У 1932 годзе ў жніўні Ары Штэрнфэльд прыехаў у Лодзь, вырашыўшы, што ён самастойна завершыць дасьледаваньне. У Лодзі дасьледчык на францускай мове напісаў «Уступ да касманаўтыкі». Публічна пазнаёміў са сваёй працай 6 сьнежня 1933 году аўдыторыю Польскага таварыства сяброў астраноміі Варшаўскага ўнівэрсытэта. Аднак праца не выклікала інтарэсу ў Польшчы. Калі навуковец закончыў дасьледаваньні, то вырашыў ізноў паехаць у Францыю і там агучыць свае тэорыі й вылічэньні. Лекцыю ён прачытаў у Францускай акадэміі навук. Лекцыю таксама слухала Марыя Кюры-Складоўская.

Е.Кавальскі: Першая лекцыя была пра апарат, які ён пабудаваў для вымярэньня хуткасьці ракет. Другая лекцыя - пра ракеты. Тэма выклікала зацікаўленасьць. Гэта былі першыя ў сьвеце лекцыі па гэтым пытаньні, прачытаныя ў Акадэміі навук.

Ары хацеў працягваць сваё дасьледаваньне, хацеў будаваць ракеты і заваёўваць космас. Аднак у Францыі ён не знайшоў падтрымкі. У сваю чаргу ягонай працай сталі цікавіцца расейцы.

Е. Кавальскі: Ён зрабіў такога робата-андроіда, які мог самастойна перамяшчацца на плянэце ў космасе. Расейцы пацікавіліся гэтым вынаходніцтвам, хаця наўпрост не казалі аб тым, што хацелі б гэтага робата выкарыстаць на полі бою. У Маскве ўжо дзейнічаў Навуковы інстытут рэактыўнага рухавіка, дзе было ракетнае аддзяленьне, і яго там працаўладкавалі.

Сёньня малавядомы ў Польшчы Ары Штэнрнфэльд высока цэніцца ў сьвеце. Яго імя шмат дзе ведаюць, ведаюць і пра яго дасягненьні.

Е.Кавальскі: Амэрыканцы выдаюць яго кніжкі. Гэта абавязковая літаратура для амэрыканскіх касманаўтаў. Усе ягоныя напрацоўкі знаходзяцца ў Бібліятэцы Кангрэсу Злучаных Штатаў. Амэрыканцы выстралілі спадарожнік НАСА на Плютан. На гэтым спадарожніку зьмешчаныя дзевяць найвыбітнейшых вучоных інжынэраў, якія прычыніліся да заваёўваньня космасу, і на чацьвёртым месцы знаходзіцца Ары Штэрнфэльд, як прадстаўнік Польшчы і Расеі.

Ары Штэрнфэльд памёр у Маскве ў 1980 годзе. Ён пахаваны на Новадзявочых могілках, дзе спачываюць заслужаныя для Расеі.

З Польшчай Штэрнфэльд утрымліваў цесныя кантакты, пісаў артыкулы для навуковых часопісаў. Чатыры разы наведаў Радзіму. Апошні раз у 1976 годзе.

Яланта Сьмялоўская/PR1

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт