Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.06.2018 16:37
  • Ziemia Księżyc Kmiecik.mp3
Івона Кмецік заваявала адну з узнагародаў на конкурсе "Песьня на 100".
www.pixabay.com

Сёньня я прадстаўлю вам, дарагія сябры, другую песьню з ліку трох, якія перамаглі на конкурсе пад назваю «Песьня на 100». Конкурс быў прысьвечаны сотай гадавіне дзейнасьці Зьвязу аўтараў ZAiKS (Зьвяз аўтараў і сцэнічных кампазытараў). Пры нагодзе такім чынам адзначаецца таксама сотая гадавіна абвяшчэньня незалежнасьці Польшчы. Дык вось, ЗАіКС і Польскае радыё аб’явілі конкурс на найлепшую кампазыцыю, прысьвечаную гэтай даце. Сума ўзнагарод складае 100 тыс. злотых, але маглі яе падзяліць некалькі песьняў.

5 чэрвеня журы выбрала тры найлепшыя кампазыцыі. У гэтай рубрыцы я прадстаўлю ўсе тры песьні. Тыдзень таму прагучала ўжо песьня Тадэвуша Альхоўскага пад назваю «Янушы», а сёньня ў нас песьня, якая перамагла ў катэгорыі «Найлепшая кампазыцыя». Называецца яна «Зямля Месяц». Музыку напісала Івона Кмецік, словы – Пётр Трысла, сьпявае ІВО (Івона) Кмецік.

Некалькі фактаў з біяграфіі Івоны Кмецік. Яна нарадзілася ў 1984 годзе ў мясцовасьці Старахавіцы на поўдні Польшчы. Яе бацькамі былі трэнэры канькабежнага спорту. Цікава, што дачка не адразу пайшла па іх сьлядах, выбрала музыку. Пачала граць на піяніна ва ўзросьце пяці гадоў, пазьней паступіла ў музычную школу. Але ўсё ж такі гены далі пра сябе знаць, і яна паступіла ў Акадэмію фізкультуры і спорту, прымала ўдзел у спаборніцтвах па канькабежным спорце, заваявала між іншым сярэбраны мэдаль на чэмпіянаце Польшчы. Паралельна займалася музыкай, джазам, і вырашыла паступаць у Музычную акадэмію. Скончыла яе з тытулам бакаляўра ў галіне джазавага вакалу.

Яшчэ ў ВНУ Івона заснавала свой першы музычны калектыў, прымала ўдзел у конкурсах, запісала з гуртом першую кружэлку. У 2011 годзе пераехала ў Варшаву, дзе больш розных магчымасьцяў для музыкантаў. А вось цяпер яе песьня пад назваю «Зямля Месяц» заваявала званьне найлепшай кампазыцыі на конкурсе «Песьня на 100».

Chodzą od okna do okna do rana,

Miotają się, milkną, kryją.

Zagubieni we własnych mieszkaniach,

Zawstydzeni nadchodzącą chwilą.

Zawstydzeni nadchodzącą chwilą.

Przestrzeń dzielą oczami na dwoje,

Marzą w ciszy o bytność czyjąś.

W słowa tłoczą ich wszystkie nastroje,

W sen, w dzień, w miłość.

Ciała swoje oddają zechcieniom,

A strumieniom oddają swe życie,

Bo ona jest jego Ziemią,

On jest jej Księżycem, jej Księżycem…

Ходзяць ад акна да акна да раніцы, кідаюцца, замаўкаюць, скрываюцца. Згубленыя ва ўласных кватэрах, засаромленыя надыходзячай хвілінай.

Яны дзеляць прастору вачамі на двое. Мараць у цішыні пра прысутнасьць кагосьці. У словы ўкладваюць іх усе настроі. У сон, у дзень, у каханьне. Целы свае аддаюць хаценьням, а крыніцам аддаюць сваё жыцьцё. Бо яна – яго Зямля, а ён – яе Месяц...

Няшмат тэксту ў гэтай песьні, але, відаць, журы конкурсу ўзнагародзіла ў гэтай катэгорыі ня тэкст, а гучаньне кампазыцыі, спосаб выкананьня. Пераходзім да разгляду тэксту.

Księżyc – гэта, канешне ж, па-польску Месяц. На беларускай мове спадарожнік Зямлі называецца Месяц, па-польску няма ў назове сувязі паміж месяцам у значэньні пэрыяду часу і Месяцам у значэньні спадарожніка нашай плянэты. Зразумела, чаму на некаторых мовах ёсьць сувязь паміж гэтымі двума паняцьцямі. Нашы продкі сачылі за доўгімі пэрыядамі часу менавіта пры дапамозе фазаў Месяца, якія трываюць 28 дзён. Дарэчы, столькі прыкладна часу праходзіць паміж мэнструацыямі ў жанчын, таму па-беларуску гэта інакш месячныя, а вось на польскай мове кажуць «okres» (іншае, базавае значэньне слова okres – пэрыяд (часу).

Zagubieni we własnych mieszkaniach – згубленыя, тыя, хто заблукаў і ня можа знайсьці дарогу. А вось вельмі падобны выраз на польскай мове – «zgubiony» азначае або страчаны, згублены, калі гаворка ідзе пра згубленую рэч, але калі так кажуць пра чалавека, то гэта азначае, што ён прайграў, яго можа чакаць нешта дрэннае.

Nastroje – гэта таксама беларускія настроі, але палякі таксама гавораць humor у значэньні настрой.

Szef dzisiaj nie w humorze, lepiej do niego nie wchodź – Бос (кіраўнік) сёньня не ў настроі, лепш да яго не ўваходзь.

Ciała swoje oddają zechcieniom – целы свае аддаюць хаценьням. Слова zechcienie няма ў слоўніку польскай мовы, але паэты ім часам карыстаюцца.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт