Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.07.2018 09:26
  • Vademecum skauta Lady Pank.mp3
"Даведнік скаўта" гурту Lady Pank - іранічна пра тое, як трэба жыць у маладосьці.
www.pixabay.com

Апошнім часам я прадстаўляла вам, шаноўныя радыёслухачы, новыя польскія песьні, а цяпер хачу вярнуцца да клясыкі музычнай эстрады краіны. Гурт Lady Pank – адна з самых папулярных групаў у гісторыі польскай рок-музыкі. Калі хтосьці хаця б крыху цікавіцца Польшчаю, то напэўна чуў іх песьні або нешта пра саміх музыкаў.

Lady Pank быў заснаваны ў 1981 годзе ў Вроцлаве Янам Барысэвічам і Анджэем Магільніцкім. Калектыў выдаў звыш 20 кампакт-дыскаў, многія іх песьні сталі вялікімі шлягерамі. Склад гурту шмат разоў мяняўся, але заўсёды ў ім гралі Ян Барысэвіч і Януш Панасэвіч, і так застаецца да сёньня. Самыя слаўныя часы для гурту – гэта 80-ыя гады, хаця ў палове дзесяцігодзьдзя ў калектыве назіраўся крызіс, паколькі ўлады на год забаранілі дзейнасьць групы пасьля таго, як падчас канцэрту п’яны Барысэвіч агаліўся перад публікай.

Гурт узнавіў сваю дзейнасьць у 1994 годзе з новым складам. І з таго часу група практычна несупынна вядзе сваю музычную дзейнасьць, выступае з канцэртамі, запісвае кружэлкі. На бягучы год музыкі заплянавалі адмысловы музычны праект пад назваю «LP1». З нагоды 35-годзьдзя іх першай кружэлкі некаторыя песьні сьпяваюць у новай аранжыроўцы іншыя музыканты. Адна з такіх песьняў – «Даведнік скаўта» (Vademecum skauta). Але я вам прапаную першапачатковую вэрсію кампазыцыі.

Nie pamiętam od kiedy
Tak mnie nagle pokochał świat
Wyciągając wciąż z biedy
Całą masą bezcennych rad
Ciągle ktoś mnie poucza
Z różnych ambon i z różnych stron
Stale w uszach mi buczy
Jednostajny, piskliwy ton

Szanuj czas i pieniądz
Zęby myj, zbieraj złom
Dobry bądź dla zwierząt
One też kochać ciebie chcą

Noś garnitur w niedzielę
Nie rwij jabłek z nie swoich drzew
Bądź pokorny jak cielę
Wygrasz więcej, gdy myślisz mniej

Szanuj czas i pieniądz...

Nie ma dnia bez nauki od rana
Nie ma szansy ucieczki na aut
Trzeba łykać to masło maślane
Honorowo jak skaut

Ciągle gdzieś tam się biedzą
Zawsze chętni, by pianę bić
Tacy, co lepiej wiedzą
Jak wypada poprawnie żyć

Я не памятаю, калі мяне так раптоўна палюбіў сьвет. Выцягваючы пастаянна зь бяды цэлай масай цэнных парадаў. Усё нехта мяне павучае з розных амбонаў і з розных бакоў, пастаянна ў вушах гучыць аднастайны, пісклівы тон.

Шануй час і капейку, зубы чысьці, зьбірай мэталялом, добры будзь для жывёлы, яна таксама любіць цябе хоча.

Насі касьцюм у нядзелю, ня рві яблыкаў зь не сваіх дрэваў, будзь пакорлівы як цяля, выйграеш больш, калі думаеш менш.

Няма дня без навукі ад раніцы, няма шанцаў уцячы на вонкі. Трэба глытаць гэта масла масьленае, з гонарам, як скаўт.

Пастаянна дзесьці там б’юцца, як рыба аб лёд, заўсёды ахвотныя, каб рабіць шмат шуму зь нічога. Тыя, хто лепш ведае, як трэба правільна жыць.


Vademecum skauta – аўтар тэксту Анджэй Магільніцкі, музыку напісаў Ян Барысэвіч. Сьпяваў гурт Lady Pank.

Od kiedy – вельмі папулярнае словазлучэньне, якім часта карыстаюцца палякі. Азначае яно – з якога часу, колькі часу.

Od kiedy ty nie jesz mięsa – з якога часу ты не ясі мяса?

Ciągle mnie ktoś poucza – пастаянна мяне хтосьці павучае. Маладыя людзі вельмі ня любяць, калі іх павучаюць, чытаюць ім маралізатарскія ўрокі. І гэтая песьня стала калісьці гімнам менавіта маладых, якія бунтуюцца супраць старога ладу, старэйшага пакаленьня, якое любіць павучаць, лічыць сябе разумнейшым.

Szanuj czas i pieniądz – паважай час і грошы. Слова pieniądz азначае тое ж самае, што і pieniądze, хаця ёсьць тут невялікая розьніца ў значэньні. Pieniądze – гэта цалкам нэўтральны выраз, а pieniądz хутчэй пераклалі б мы на беларускую мову як капейка, капеечка, грошыкі.

Zbieraj złom – зьбірай мэталялом. Калісьці зьбіраньнем макулятуры або мэталялому займаліся пераважна дзеці, падлеткі. Асабіста я зьбірала і здавала шкляную тару, бутэлькі, зарабляючы такім чынам на кішэнныя расходы. Цяпер ужо моладзь ня ведае, што гэта такое, паколькі другасная сыравіны прымаецца мала дзе, яна каштуе вельмі мала.

Pokorny jak cielę – пакорлівы як цяля. Гэты фразэалягізм зразумелы, бадай, у розных краінах, паколькі ўсюды вядомая гэтая рыса цялят – паслухмянасьць, пакорлівасьць.
Nauka od rana – вучоба з самой раніцы. Слова nauka азначае на польскай мове як навука, так і вучоба.

Masło maślane – а вось гэтае словазлучэньне амаль аднолькава гучыць і на беларускай мове – масла масьленае. Я думаю, усе ведаюць або здагадваюцца, што яно азначае. У граматыцы яно называецца плеаназм. Паводле вікіпэдыі, гэта стылістычны зварот, утвораны ўжыцьцём празьмернай колькасьці словаў для выражэньня думкі. Плеаназм выкарыстоўваецца для ўзмацненьня эфэкту выказваньня. Часта плеаназм, ужыты незнарок, зьяўляецца ненаўмыснай стылістычнай памылкай.

Jak wypada poprawnie żyć – як трэба, як належыць правільна жыць. Нешта wypada – гэта значыць, як трэба нешта правільна рабіць, згодна спадзяваньням іншых людзей.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт