Logo Polskiego Radia
Print

Палякі стварылі натуральны пух, які не ўсмоктвае вады

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.09.2018 14:55
  • 13.09_навука.mp3
Гэты эфэкт дасягнуты з выкарыстаньнем гэтак званай «халоднай плязмы».
pixabay.com/CC0 Creative Commons/hehlich

Тканіны і керамічную плітку, па якіх вада сьцякае і адначасова ачышчае паверхню, а таксама натуральны пух, які ўтрымлівае цеплавыя ўласьцівасьці, нават калі ён патрапіць у ваду – гэта дасягненьні навуковых супрацоўнікаў Лодзінскага Тэхнічнага ўнівэрсытэта. Навукоўцы выкарысталі гэтак званую «халодную плязму».

Навукоўцы нагадваюць, што плязма зьяўляецца чацьвёртым станам рэчыва, акрамя цьвёрдага, вадкага і газу. Плязма стварае, сярод іншага, Сонца (так зв. цёплая плязма), плязма знаходзіцца ў люмінэсцэнтных лямпах, падчас атмасфэрных разрадаў або палярнага зьзяньня.

Польскія дасьледчыкі выкарысталі халодную плязму для павярхоўнай мадыфікацыі матэрыялаў, цалкам зьмяняючы іх уласьцівасьці, – расказаў супрацоўнік Лодзінскага палітэхнічнага ўнівэрсытэту прафэсар Яцэк Тычкоўскі (Jacek Tyczkowski z Wydziału Inżynierii Procesowej i Ochrony Środowiska PŁ).

Я.Тычкоўскі: Сярод нашых праектаў, якія мы ажыцьцяўляем, быў праект мадыфікацыі паверхні тканін. Мы стварылі супэргідрафобны слой – раней вада ўваходзіла ў тканіну, пасьля апрацоўкі – не. Другі праект – гэта мадыфікацыя паверхні натуральнага пуху, які зьяўляецца выдатным ізаляцыйным матэрыялам, але пры ўмове, што ён сухі, бо мокры губляе гэтую ўласьцівасьць. Мы дасягнулі гэта з дапамогай плязмы. Дзеля гэтага мы выкарысталі спэцыяльны рэактар, у якім плязма тоненькім слоем (у некалькі нанамэтраў), закрывае галінкі пуху. У выніку вада ня можа замачыць гэты пух, яна зьбіваецца кроплямі і так застаецца паміж пухам. Гэты пух ужо праверылі ўдзельнікі апошняй нацыянальнай экспэдыцыі на К2. Яны выкарыстоўваліся камбінэзоны з плязмавым пухам. Нават калі нехта ўпадзе ў ваду ў такім камбінэзоне, то ён застаецца сухім.

Дасьледчыкі Лодзінскага палітэхнічнага ўнівэрсытэта зьбіраюцца запатэнтаваць сваё вынаходніцтва – супэргідрафобных уласьцівасьцей керамічнай пліткі.

Я.Тычкоўскі: Мы распрацавалі мадыфікацыю паверхні керамічнай пліткі для ваннай. Гэта таксама эфэкт выкарыстаньня плязмы. З нашай пліткі кроплі сплываюць як з ліста лётаса. А на звычайнай расплываюцца і застаюцца.

Керамічная плітка з нанесеным слоем плязмы застаецца сухой і чыстай.

Каміль Шубаньскі/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт