Logo Polskiego Radia
Print

15 верасьня 1974 г. у Маскве адбылася «бульдозерная выстаўка»

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 14.09.2018 15:06
  • 15.09.1974.mp3
Карціны авангардыстаў раздушылі бульдозеры.
Мастакі са сваімі працы 15.09.1974 г.Мастакі са сваімі працы 15.09.1974 г.http://www.vitki.info

У таталітарных краінах забараняецца літаральна ўсё, ня толькі свабода думкі і слова, але і свабода творчасьці. Яскравым доказам гэтага былі падзеі 15 верасьня 1974 году.

У гэты дзень савецкія мастакі-авангардысты вырашылі выставіць свае працы для публічнага агляду. Выстаўка праходзіла на акраінах Масквы ў раёне Бяляева.

Трэба сказаць, што ў Савецкім Саюзе была прынятая афіцыйная мастацкая «дактрына», так званы «сацыялістычны рэалізм».

Гэтая канцэпцыя была прынятая ў 1932 годзе. Мастацтва павінна было паказваць: народнасьць, ідэйнасьць, канкрэтнасьць. Апошняе азначала, што мастацтва мусіць адлюстроўваць разьвіцьцё гісторыі згодна з ідэяй маркісізму-ленінізму. Тыя мастакі, якія не прытрымліваліся гэтай ідэі амаль увесь час перасьледваліся ўладамі. Ім не дазвалялі выстаўляць свае малюнкі ў выставачных залях.

Дазвол на выставы выдаваўся Маскоўскім Саюзам Мастакоў.

На пачатку 70-х пачаўся больш моцны ціск на «незалежных» мастакоў.

Тым ня менш 13 савецкіх мастакоў вырашылі арганізаваць нефармальную выставу сваіх прац.

Выстава праходзіла ў лесапарку, дзе мастакі расклалі свае карціны, было шмат журналістаў, галоўным чынам замежных, дыпляматаў.

Сабатаж уладаў пачаўся адразу. Спачатку арганізатараў затрымалі каля выхаду мэтро і абвінавацілі ў крадзяжы гадзіньнікаў. Потым да месца, дзе павінна была праходзіць выстава прыгналі машыны з працоўнымі, якія пачалі крычаць, што хуліганы перашкаджаюць ім саджаць дрэвы. Праз 30 хвілін пасьля пачатку мерапрыемства ўлады падагналі бульдозеры, самазвалы і вадамёты і большза сотню міліцыянтаў у цывільным, якія пачалі зьбіваць мастакоў. Потым па выставе праехаліся бульдозеры, якія зьнішчылі большасьць карцін. Тым каго затрымалі ва ўчастках наўпрост казалі: «Страляць вас усіх трэба, толькі патронаў шкада».

Дзеяньні ўладаў выклікалі шырокі рэзананс ва ўсім сьвеце. І каб неяк суцішыць скандал улады дазволілі правесьці выставу два тыдні пасьля гэтых падзеяў, таксама пад голым небам, у Ізмайлава. У гэтай выставе прынялі ўдзел больш за 40 мастакоў, а наведалі яе каля дзьвюх тысячаў чалавек.

Пасьля выставы ў Бяляева, амаль усе ўдзельнікі выставы эмігравалі за мяжу, некаторыя з іх, напрыклад Оскар Рабін, былі пазбаўлены савецкага грамадзянства і высланы за межы СССР.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт