Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.11.2018 15:31
  • Nie wierzę politykom Tilt.mp3
Кампазыцыя, якая ў вялікай ступені актуальная да сёньняшняга дня.
www.pixabay.com

У гэтую перадачу я выбрала песьню, якая была запісаная ў 80-ыя гады, але ў вялікай ступені яна актуальная і да сёньняшняга дня. Называецца кампазыцыя «Я ня веру палітыкам». Думаю, многія нашы слухачы маглі б падпісацца двума рукамі прад гэтай заявай.

А гурт, які сьпявае гэтую кампазыцыю, называецца Цільт (Tilt). Заснаваў групу ў 1979 годзе Томаш Ліпіньскі, які зьяўляецца вакалістам і гітарыстам групы і адзіным яе чальцом, які ўтрымаўся ў калектыве ад самага пачатку яго дзейнасьці. Група атаясамліваецца з рок-музыкай, але на самой справе яе творы больш падыходзяць да гатунку панк-музыкі. Цікавае паходжаньне назову групы – ад надпісу, які паведамляе пра спыненьні гульні ў пінбол, выкліканае ўдарам у фліпэры (адмысловыя лапкі). Па словах Томаша Ліпіньскага, музыканты хацелі так дзейнічаць на грамадзтва – «цільтаваць» яго, штурхаць.

Група нарадзілася, як я сказала, пад канец 70-ых, але праіснавала толькі каля году, паколькі Ліпіньскі заснаваў іншы гурт – «Брыгада крызыс». У сваю чаргу Брыгада жыла на сцэне толькі каля паўтара году, і тады зноў Ліпіньскі з калегамі вярнуліся да свайго старога гурту, але пад канец 80-ых зноў жа быў створаны новы калектыў, а пра Цільт забылі. Але не было яму наканавана памерці, хаця дзейнасьць была спыненая яшчэ раз у 1990. У 2000 наступіла чарговае вяртаньне Цільту, і ён шчасьліва дзейнічае да нашых часоў, хаця ў новым стагодзьдзі выдаў толькі адзін уласны кампакт-дыск.

А я прапаную вашай увазе кампазыцыю, якая называецца «Nie wierzę politykom».

Nie wierzę politykom, nie,
Nie wierzę politykom.

To oni wytyczyli granice,
To oni zbudowali mur,
To oni podzielili nas,
To oni patrzą na nas z góry.

To oni mają swoje sprawy,
O których my nic nie wiemy.
To oni wywołują wojny,
Na których to my giniemy.
Nie wierzę politykom...

Ha ha ha. Ciągle jeszcze mamy parę metrów do dna.
Ha ha ha. Ciągle spadamy, to jeszcze nie jest to.

We własnym domy trudno być prorokiem,
Ale mówię to, co widzę ze swych okien
I nie chcę was straszyć, zobaczycie sami,
Że najciekawsze dopiero przed nami.
Nie wierzę politykom...

Я ня веру палітыкам, я ня веру палітыкам. Гэта яны правялі межы, гэта яны збудавалі мур. Гэта яны падзялілі нас, гэта яны глядзяць на нас з вышыні.

Гэта яны маюць свае справы, пра якія мы нічога ня ведаем. Гэта яны выклікаюць войны, на якіх гэта мы гінем. Я ня веру палітыкам...

Ха-ха, у нас усё яшчэ пару мэтраў да дна, мы ўсё яшчэ падаем, гэта яшчэ не канец.

Ва ўласным доме цяжка быць прарокам, але я гавару тое, што бачу са сваіх вокнаў. І не хачу вас пужаць, паглядзіце самі, што самае цікавае яшчэ перад намі. Я ня веру палітыкам...

To oni wytyczyli granice – гэта яны правялі межы. Слова «wytyczać» можа адносіцца да межаў, правілаў гульні (reguły gry). Сапраўды, нярэдка палітыкі пад уплывам нават кароткай слабасьці або дрэннага настрою перакрэсьліваюць лёс многіх тысяч людзей, мяняючы дзяржаўныя межы або аддаючы нейкай краіне кавалак тэрыторыі або (хутчэй і часьцей) адбіраючы гэтую тэрыторыю ў кагосьці.

To oni zbudowali mur – і працяг скаргаў у адрас палітыка – гэта яны збудавалі мур. Тут канешне ж, першая асацыяцыя – з бэрлінскім мурам, які яшчэ існаваў у часы запісу гэтай песьні. Па-беларуску часьцей гаворыцца сьцяна – бэрлінская сьцяны, на польскай мове таксама ёсьць слова ściana, але так кажуць толькі пра адносна тонкую сьценку, хутчэй унутры будынку, а вонкавыя тоўстыя сьцены – гэта муры.

To oni patrzą na nas z góry – гэта яны глядзяць на нас з вышыні. Patrzeć na kogoś z góry – гэта значыць, адносіцца да яго з грэбаваньнем, лічыць сябе лепшым.

To oni wywołują wojny – гэта яны выклікаюць вайну. Падобнае словазлучэньне з аднолькавым сэнсам – rozpętać wojnę, што таксама азначае «пачаць вайну, выклікаць ваенны канфлікт».

Na których my giniemy – на якіх мы гінем. Нагадваю яшчэ раз, што па-польску zaginąć азначае прапасьці бязь вестак, а zginąć – загінуць, памерці.

To jeszcze nie jest to – гэта яшчэ ня тое. Вельмі часта палякі карыстаюцца гэтай фразай – «to jest to» або «to nie to», што значыць захапленьне ў першым выпадку і незадавальненьне ад рэзультату ў другім.

Najciekawsze dopiero przed nami – самае цікавае толькі перад намі. Нагадаю, што песьня была запісана незадоўга да ўвядзеньня ў Польшчы ваеннага становішча, якое, як мяркуюць многія гісторыкі, выратавала Польшчу ад савецкіх танкаў. Сапраўды, магло быць вельмі цікава і жудасна.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт