Logo Polskiego Radia
Print

Як інфармацыя ўплывае на працу арганізма

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.12.2018 16:07
Дасьледнікі правялі экспэрымэнт, у якім паведамлялі ілжывую інфармацыю аб генах.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Навукоўцы знайшлі чарговае пацьвярджэньне эфэкту плацэбо і ноцэбо, або інакш – як інфармацыя ўплывае на працу арганізма.

Нагадаем, эфэкт плацэбо – калі хвораму даюць нейкае зусім нэйтральнае рэчыва, кажучы, што ён прымае лекі, і яго фізіялёгія адказвае так, як быццам ён сапраўды атрымаў лекі. Ноцебо – калі хворы пачынае адчуваць нэгатыўныя пабочныя эфэкты толькі таму, што яму пра іх распавялі (хоць ён зьеў таблекту-пустышку).

Дасьледнікі з Стэнфарда правялі дасьледаваньне, у якім замест таблеткі-пустышкі ўдзельнікам экспэрымэнту паведамлялі ілжывую інфармацыю аб іх генах.

Амэрыканскія вучоныя запрасілі больш за сто чалавек маладога і сярэдняга ўзросту – нібыта для таго, каб зразумець, як розныя варыянты генаў уплываюць на здольнасьць да фізычных практыкаваньняў. Кожны ўдзельнік экспэрымэнту рабіў генэтычны аналіз на прадмет гена CREB1, ад якога залежыць выносьлівасьць арганізму. Ёсьць варыянт CREB1, з якім чалавек стамляецца даволі хутка, і ёсьць іншы варыянт, які адпавядае падвышанай фізычнай выносьлівасьці. Аднак сапраўдныя вынікі ўдзельнікам экспэрымэнту не паведамлялі; замест гэтага іх выпадковым чынам дзялілі на дзьве групы: адным казалі, што ў іх CREB1 падвышанай выносьлівасьці, а іншым – што паніжанай.

Да і пасьля генэтычнага аналізу добраахвотнікі бегалі на бегавой дарожцы. І аказалася, што другі раз іх фізкультурныя посьпехі мяняліся ў залежнасьці ад таго, які варыянт гена ім дастаўся. Тыя, каму казалі, што іх варыянт гена робіць іх менш выносьлівымі, паказвалі горшы вынік, чым першы раз, да генэтычнага аналізу. Прычым, горшы вынік быў нават у тых, хто на самай справе меў ген падвышанай фізычнай выносьлівасьці.

Амэрыканскія вучоныя выявілі, што пасьля паведамленьня аб «малавыносьлівым» гене падала ёмістасьць лёгкіх, а цела горш аддавала вуглекіслату – гэта значыць арганізм на фізіялягічным узроўні як бы падладжваўся пад «дрэнны» ген, які ў яго нібыта ёсьць.

Наадварот, тыя, каму казалі, што ў іх варыянт гена падвышанай выносьлівасьці, бегалі на трэнажоры даўжэй незалежна ад таго, які ген у іх быў на самай справе.

Дасьледаваньне амэрыканскіх вучоных даказала, што ўся наша сіла й магчымасьці ў нашай галаве.

https://www.nature.com/articles/s41562-018-0483-4

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт