Logo Polskiego Radia
Print

Тэлевізар можна будзе скруціць у рулет

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 11.01.2019 15:32
Сёлета на рынак паступіць тэлевізар з элястычным экранам.
Элястычны экран тэлефонаЭлястычны экран тэлефонаScreen https://www.youtube.com/watch?v=wqeyp8rM4Hc

Пэўная кампанія па вытворчасьці электронных прылад заявіла, што сёлета на рынак паступіць тэлевізар з элястычным экранам. У той час, калі мы не глядзім ТВ, экран можна будзе скруціць у рулет і прыбраць яго ў шафу.

Як гэта магчыма, тлумачыць Мацей Гаеўскі з фірмы Spider’sWeb:

М.Гаеўскі: Экран будзе вельмі тоненькі, крыху больш, чым таўшчыня манэты. Гэта будзе адзін толькі дысплэй, адны піксэлы. Бальшыня стандартных тэлевізараў LCD, акрамя піксэлаў, ззаду маюць розныя лямпы, дзякуючы чаму мы бачым карціну ў тэлевізары. А піксэл OLED сьвеціцца ўласным сьвятлом, і таму ўсе лямпы становяцца непатрэбнымі. У выніку тэлевізар можа быць танюсенькі ды элястычны.

Што гэта OLED, які дазваляе стварыць элястычны тэлевізар, тлумачыць Цэзары Шміткэ з Цэнтра навукі Капэрнік.

Ц.Шміткэ: OLED – о – ад слова „organic”. Там знаходзяцца вугляродныя злучэньні. У выпадку OLED сьвеціцца танюсенькі слой арганічнага рэчыва. І няма ніякіх перашкод для зьмяшчэньня гэтага рэчыва на элястычнай паверхні.

Элястычны экран ужо выкарыстоўваюць у вялікафарматных дысплэях, напрыклад для маштабнай рэклямы, а таксама ў тэлефонах з выгнутым экранам.

Паводле спэцыялістаў, тэхналёгію элястычных дысплэяў чакае рэвалюцыя пасьля дапрацоўкі батарэі. У чым справа, распавядае Мацей Гаеўскі з фірмы Spider’sWeb:

М. Гаеўскі: Пакуль яшчэ тэлефоны ў нас адносна тоўстыя, яны яшчэ не нагадваюць крэдытныя карткі. Мы толькі пачынаем канструяваць невялічкія інтэгральныя схемы, а найбольшай праблемай зьяўляюцца батарэі. Калі мы з гэтым справімся, зьявіцца, напрыклад, дысплэй на кубку, які з дапамогай умантаваных датчыкаў паведаміць, колькі калёрый мае дадзены напой. Зьявяцца інтэлігентныя візыткі, якія ня толькі паведамяць адрас і нумар тэлефону, але таксама падкажуць дарогу ў фірму. На гэтым момант уяўленьне зьяўляецца нашым абмежаваньнем, і надалей яшчэ тэхналёгія.

Фірма Samsung інтэнсіўна распрацоўвае смартфон Galaxy X са складаным элястычным экранам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, шырокай публіцы тэлефон новага пакаленьня павінен быць прадстаўлены на пачатку гэтага году. Кошт гэтай тэхналягічнай навінкі плянуецца ў некалькі тысяч даляраў.

яс/PR3

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт