Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.01.2019 09:00
  • Kalinowym mostem chodziłam Zaryan.mp3
Ага Зарыян сьпявае пра калінавы мост - сувязь чалавека са сьветам сьмерці, паводле беларускай міталёгіі.
www.pixabay.com

Ага Зарыян – польская джазавая вакалістка, кампазытарка, якая сьпявае перш за ўсё на ангельскай мове, але ўдалося мне знайсьці таксама песьні па-польску. Сапраўднае імя і прозьвішча выканаўцы – Агнешка Чулак (Agnieszka Czułak). Нарадзілася ў Варшаве ў 1976 годзе, свой першы сольны альбом выдала ў 2002 годзе, кружэлка хутка заваявала званьне «Залатой».

Як я сказала, большасьць сваіх кампазыцый Ага запісвае на ангельскай мове, што можа быць зразумела, калі ўзяць пад увагу, што маці музыканткі – настаўніца ангельскай мовы, аўтарка падручнікаў па гэтай мове, а свае першыя гады жыцьця Ага правяла ў Вялікабрытаніі, дзе хадзіла ў пачатковую школу пад Манчэстэрам.

Як я ўжо казала, першы альбом выканаўцы выйшаў у 2002 годзе, гэта былі песьні на ангельскай мове, якія прынесьлі пясьнярцы папулярнасьць, яна пачала шмат выступаць на канцэртах і фэстывалях у Польшчы, а таксама за мяжой – у Вялікабрытаніі, ЗША, Ізраілі, Чэхіі, Швэцыі, Францыі, Баўгарыі, Турцыі, Расеі ды іншых краінах. А першая кружэлка з кампазыцыямі на польскай мове пабачыла сьвет у 2007 годзе. Назоў альбому – «Памірае прыгажосьць» (Umiera piękno).

Песьні гэтага альбому прысьвечаныя памяці змагароў Варшаўскага паўстаньня, іх тэксты – гэта вершы паэтаў, якія жылі ў Варшаве ў часы паўстаньня супраць нямецкай акупацыі ў 1944 годзе. Адна з іх – «Kalinowym mostem chodziłam» – «Я хадзіла па калінавым мосьце». Тэкст напісала паэтэса, удзельніца Варшаўскага паўстаньня Крыстына Крагельска (Krystyna Krahelska). Яна нарадзілася пад Баранавічамі (сёньняшняя Беларусь), загінула на другі дзень паўстаньня (2.08.1944). Дарэчы, сваякі Агі Зарыян таксама ўдзельнічалі ў Варшаўскім паўстаньні – бабуля была сувязной Арміі Краёвай, дзядуля змагаўся ў шэрагах паўстанцаў.

Kalinowym mostem chodziłam
Kalinowy most się kołysał,
Wiatr piosenkę gwizdał na trzcinach
I kitami po wodzie pisał.

Opadały czerwone jagody
Aż na samo dno ciemnej wody…
Kalinowym mostem chodziłam,
Kalinowy most się uginał,

Chciałam sobie ciebie przypomnieć,
Aleś mi się nie przypomniał

Były koła na wodzie ciemnej,
Było serce kalinowe we mnie…

Kalinowym mostem chodziłam
Kalinowym mostem pochyłym,

Choć tak bardzo tęsknię do ciebie,
Nie pamiętam już, jaki byłeś…

Opadały tyle razy jagody
Aż na samo dno ciemnej wody.

Kalinowym mostem chodziłam,
Kalinowe serce zgubiłam

Utonęło jak kwaśne jagody
Na dnie, na dnie
Ciemnej wody

Я хадзіла па калінавым мосьце, калінавы мост калыхаўся. Вецер песьню сьвістаў у трысьнягу і хвастом лісіцы па вадзе пісаў. Падалі чырвоныя ягады на самае дно цёмнай вады. Я хадзіла па калінавым мосьце, калінавы мост прагінаўся.

Я хацела цябе ўспомніць, але ты мне не ўспамінаўся. Былі колы на вадзе цёмнай, было сэрца калінавае ўва мне.

Я хадзіла па калінавым мосьце, па калінавым мосьце нахіленым. Я так моцна сумуе па табе, але не памятаю ўжо, які ты быў...

Столькі разоў падалі ягады аж на самае дно цёмнай вады. Па калінавым мосьце я хадзіла, калінавае сэрца згубіла. Патанула як кіслыя ягады. На дне, на дне цёмнай вады.

Kalinowym mostem chodziłam – я хадзіла па калінавым мосьце. Калінавы мост – у беларускай міталёгіі і фальклёры мост, які зьвязваў чалавечы сьвет са сьветам сьмерці. Ноччу ці ў пераходныя тэрміны сутак (вечар, сутоньне, раніца) мост рабіўся зонай кантакту чалавека з нячыстай сілай ці пачварамі, а днём ці на сьвітанку – месцам сустрэчы з прадстаўнікамі боскай сфэры. У польскім фальклёры няма такога паняцьця, так што тэкст кампазыцыі толькі пацьвярджае, што яго аўтарка выхоўвалася пад уплывам беларускай народнай традыцыі.

I kitami po wodzie pisał – хвастамі лісіцы па вадзе пісаў. Кіта, кітка – гэта перш за ўсё менавіта хвост лісіцы, хаця так кажуць таксама пра хвост вавёркі або агулам так называецца пушысты хвост зьвера.

Kalinowy most się uginał – калінавы мост прагінаўся. Слова ugiąć się можа мець таксама пераноснае значэньне – калі так кажуць пра чалавека, то гэта можа азначаць ня толькі тое, што ён прагінаецца пад нейкім фізычным цяжарам, але таксама можна ugiąć się пад цяжарам псыхічных праблем, нейкіх жыцьцёвых цяжкасьцяў або жорсткіх патрабаваньняў.

Tak bardzo tęsknię do ciebie – я так моцна сумую па табе. Па-польску гаворыцца як правіла tęsknić za kimś, але ёсьць таксама словазлучэньне tęsknić do kogoś, якое таксама азначае сумаваць па кімсьці.

Opadały jagody na dno ciemnej wody – падалі ягады на дно цёмнай вады. На польскай мове jagody – гэта тое ж самае, што і беларускія ягады, а вось czarne jagody – гэта чарніцы. Дарэчы, і па-беларуску гаворыцца чорныя ягады.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт