Logo Polskiego Radia
Print

Пад Бягомлем знойдзена 26 унікальных каменных крыжоў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.08.2011 19:42
  • Пад Бягомлем знойдзена 26 унікальных каменных крыжоў.mp3
Дасьледчык Андрэй Дыбоўскі распавядае, чым яны адметныя і колькі падобных захавалася ў Беларусі.

/

У вёсцы Бабцы пад Бягомлем знойдзены ўнікальны для Беларусі аб’ект. На вясковых могілках, якія месьцяцца літаральна каля самай трасы Менск-Полацак аматары гісторыі знайшлі 26 каменных крыжоў – вышынёй ад 30 сантымэтраў да 2 мэтраў над зямлёю.

Знаходка ўнікальная тым, што каменных крыжоў па ўсёй Беларусі вядома ўсяго некалькі дзесяткаў, знаходка ў Бабцах павялічвае гэтую колькасьць амаль на палову. Мы гутарым з Андрэем Дыбоўскім – стваральнікам сайту “Глёбус Беларусі” – самай поўнай энцыкляпэдыі беларускай архітэктуры. Менавіта Андрэй першым выклаў у інтэрнэт каля сотні здымкаў крыжоў, некаторых – разам з дакладнымі памерамі.

Андрэю, як удалося знайсьці такі ўнікальны аб’ект?

Андрэй Дыбоўскі: Не хачу асабліва цягнуць на сябе коўдру, што гэта я зьдзейсьніў такое адкрыцьцё. Часам я ў інтэрнэтовым пошуку ўводжу па-беларуску ключавыя словы кшталту “капліца”, “млын” ці “сьвіран”. Каменныя крыжы таксама пэрыядычна шукаю. Бо ў даведніках ёсьць толькі самыя вядомыя – як у Тураве ці менскім Музэі Валуноў. А па краіне хапае цікавостак, пра якія ведаюць толькі мясцовыя краязнаўцы ці выпадкова натрапіўшыя падарожнікі.

Гэтым разам мне пашчасьціла – знайшоў некалькі здымкаў невядомых мне раней крыжоў. Асабліва зацікавіла, што чалавек пісаў, што крыжоў там шмат і займаюць яны даволі вялікую плошчу. Пры першай жа нагодзе я выправіўся туды. Першым разам удалося знайсьць ажно 21 крыж – і гэта неверагодна для Беларусі! Другі раз адшукаў яшчэ 5 – разам выйшла 26. Магчыма, і гэта не край.

/

Да якога часу яны адносяцца?

Андрэй Дыбоўскі: Разумееце, на гэтае пытаньне адказаць дакладна вельмі цяжка. З аднаго боку, крыж – хрысьціянскі сымбаль. Ведаючы, калі на гэтыя землі прыйшло хрысьціянства, можна пачынаць будаваць вэрсыі. Адначасова, ведаючы як неахвотна мясцовыя паганцы прымалі новую веру – у Менску капішча было да пачатку ХХ стагодзьдзя – можна дапусьціць, што каменным крыжам ня так і шмат – можа, 200, можа крыху больш гадоў. Але ёсьць вельмі цікавая рэч, якая здольная “састарыць” гэтыя аб’екты на шмат стагодзьдзяў.

Напрыклад, у Камаях пры касьцёле стаіць каменны крыж. А на ім – знак у выглядзе перакуленага трохкутніка. Дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што раней гэта быў паганскі ідал, якому людзі пакланяліся шмат стагодзьдзяў. А потым прапаведнікі новай рэлігіі вынайшлі хітры спосаб перавучыць людзей. Яны ўзялі – і высеклі з гэтага ідала крыж. Людзі па інэрцыі далей пакланяліся свайму ідалу, але цяпер ён выглядаў у форме крыжа. Згадзіцеся, арыгінальны спосаб навяртаньня ў сваю веру!..

А на крыжых у Бабцах ёсьць нейкія дадатковыя знакі?

/

Андрэй Дыбоўскі: Прынамсі на некалькіх я такія знакі знайшоў. Я праграміст з адукацыі, у такіх рэчах ня дужа разьбіраюся. Таму дэталёва сфатаграфаваў іх і выкладу здымкі ў інтэрнэт. Калі знойдзецца адмысловец, які зможа расшыфраваць гэтыя знакі – магчыма, удасца датаваць крыжы больш дакладна.

А потым, калі беларусы больш-менш прымірыліся з хрысьціянствам – чаму каменныя крыжы дайшлі да нас у такой малой колькасьці, чаму іх не сотні?

Андрэй Дыбоўскі: Па-першае, колькі іх насамрэч, мы ня ведаем. Магчыма, нас чакаюць наперадзе вялікія адкрыцьці. У той жа час, кожны раз, калі я бачу такі двухмэтровы крыж – і ўяўляю, колькі часу трэба, каб яго вырабіць… Думаецца тады, што паставіць звычайны камень, пашліфаваўшы яго з аднаго боку, канешне, было значна прасьцей.

Зь вядомых вам крыжоў якія ўразілі найбольш?

Андрэй Дыбоўскі: Канешне, гэта найперш Бабцы, пры якія мы з вамі гаворым. 26 крыжоў такога рознага памеру – ад 30 да 196 сантымэтраў – гэта ня можа не ўразіць! Згаданы крыж у Камаях таксама западае ў душу. Асабліва ў сукупнасьці з самім касьцёлам 1601 году. Гэта касьцёл абарончага тыпу, мае вежы з байніцамі. Свой кляс абароанздольнасьці касьцёл пацьвяржаў неаднойчы. І цяпер у сьценах касьцёла можна заўважыць каменныя ядры, якія пакінулі тут швэдзкія гарматы 300 гадоў таму. Ядры не выдалялі – і выглядаюць яны як баявыя ордэны!..

Зь іншых крыжоў надзвычай цікавыя, канешне, у Тураве. Два зь іх – у чалавечы рост – стаяць у тураўскай царкве. Яшчэ адзін – у царкве суседняй вёскі Пагост. Чацьверты крыж знаходзіцца на мясцовых могілках. Ён выглядае зь зямлі ўсяго на сантымэтраў 30-35, але людзі сьцявярджаюць, што крыж расьце. Яшчэ я чуў пра гэты крыж, што ён цёплы нават узімку. А жанчыны заўсёды кладуць на яго свае ўпрыгожаньні – і тыя “набіраюцца” энэргіі. Паколькі я праграміст, не бяруся ацэньваць гэтыя расповеды – проста пераказваю іх вам.

Пра гэтыя крыжы, здаецца, ёсьць цікавая легенда…

Андрэй Дыбоўскі: Так, яе распавядаюць усім турыстам і паломнікам. Нібыта гэтыя крыжы прыплылі з Кіева па Дняпру супраць цячэньня. І напачатку іх было ці то 10, ці то 12. Іх усталявалі на беразе ракі ў месцы, дзе крыжы прысталі да берага. За савецкім часам ваяўнічыя атэісты нібыта выкінулі крыжы абратна ў раку. Аднак 4 крыжы выплылі назад. Людзі іх схавалі – і вось сёньня мы можам іх пабачыць.

Як вы лічыце, знойдзеныя ў Бабцах крыжы будуць цікавыя толькі адмыслоўцам ці звычайным турыстам таксама?

Андрэй Дыбоўскі: Калі я гляджу, колькі людзей едзе ў Тураў паглядзець на тыя 4 крыжы – то магу сьмела сьвярджаць, што гэтыя крыжы выклічуць ня меншую цікаўнасьць!.. Тым больш, што ў Тураве й Пагосьце яны ўсё-ткі стаяць у царкве (тры з чатырох) – а тут яны стаяць, скажам так, у натуральных умовах – на могілках, ды яшчэ і ў лесе. Тое, што могілкі знаходзяцца каля самай трасы Менск-Полацак – таксама, я лічу павінна спрыяць цікаўнасьці турыстаў да гэтых унікальных крыжоў.

Першыя цікаўныя ўжо знайшліся. Ды якія! Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін якраз гэтай дарогаю езьдзіць у родныя Вушачы. Накіроўваючыся на малую радзіму, дзядзька Рыгор заехаў у Бабцы, калі даведаўся, што тут ёсьць такія ўнікальныя крыжы. Празь некалькі дзён народны паэт адгукнуўся на ўбачанае вершам. Эксклюзыўная прэм’ера на хвалях Беларускай службы Польскага радыё.

Рыгор Барадулін

У лесе, у зялёнай імжы
Затоеныя вякамі
Каменныя стынуць крыжы
З адсечанымі рукамі.
Калі багоў даўніны
Расьцілі –
Адцялі рукі,
І сталі крыжамі яны,
Сакральныя помнікі-рухі.
Тут часу зацішна яшчэ.
Зьбіраюцца здані з адхонаў.
І камень сьцюдзёна пячэ
Сузор’е паганскіх пісьмёнаў.

/

Сёньня мы гутарылі пра беларускія каменныя крыжы.

Арцём Багданаў, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт