Logo Polskiego Radia
Print

“Фрагмэнты люстра”

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 15.12.2011 15:48
  • Фрагмэнты люстра.mp3
У сераду ў Варшаве адбылася прэм’ера інтымнага дзёньніка скульптаркі Монікі Асецкай.

/

У сераду ў Варшаве адбылася прэм’ера кнігі Монікі Асецкай “Фрагмэнты люстра”. Гэта літаратурны дэбют польскай скульптаркі з групы знакамітага мастака Гжэгажа Кавальскага. Кніга выйшла ў элітарным выдавецтве “Słowo Obraz Terytoria”.

Кніга складаецца зь некалькіх частак - тэкстаў і здымкаў. Яе сьмела можна назваць альбомам. “Фрагмэнты люстра” – гэта інтымны дзёньнік, у якім аўтарка шчыра й вельмі адважна распавядае пра важныя рэчы ў яе жыцьці, жыцьці жанчыны-мастака: творчасьць, мацярынства, каханьне, эратызм, радасьць.

У другой частцы зьмешчаныя фотаздымкі скульптураў Монікі Асецкай, а ў трэцяй – яе выступы й пэрформансы.

Гэта вельмі жаноцкая літаратура, блізкая творчасьці Анаіс Нін, Вірджыніі Вульф і Эліф Сафак.

Сёньня Моніка Асецка госьць “Літаратурнай палітры”.

М. Асецка: Я ніколі не лічыла сябе пісьменьніцай. Не прыгадваю, каб калісьці я села за стол і сказала сама сабе, што, маўляў, зараз нешта напішу й выдам кнігу. Такога ніколі не было. У кнізе я сабрала свае запісы, якія пісаліся, калі я была студэнткай, а можа нават і раней. Гэта спантанныя запісы. Часам мне проста хочацца падзяліцца чымсьці на паперы, магчыма таму, што ў мяне сапраўднай сяброўкі. Я люблю дзяліцца сваімі перажываньнямі з паперай, бо тады можна казаць усё што заўгодна.

Свае нататкі Моніка Асецка рабіла на сурвэтках альбо на абсалютна выпадковых паперках. Запісы яны складала ў скрыні. У кнігу “Фрагмэнты люстра” трапілі толькі некаторыя зь іх. З усьмешкай на твары аўтарка кажа, што пакуль яшчэ не прыйшоў час адкрываць усе карты, таму найбольш інтымныя запісы пакуль пачакаюць сваёй чаргі.

/

Інтымнасьць і эратызм – гэта як раз тыя ніткі, якія зьвязваюць Асецкую-пісьменьніцу з Асецкай-скульптаркай. Яе дзёньнік поўны эмацыйнасьці, чульлівасьці й жаночай уражлівасьці. Скульптуры Асецкай мала чым адрозьніваюцца ад яе тэкстаў – яны наскрозь прасякнутыя жаноцкасьцю.

М. Асецка: Я кажу толькі пра тое, што сама добра ведаю й адчуваю. Я ведаю вельмі глыбока жаночую натуру. Сама я рэдка ўспрымаю свае працы, як эратычныя. Гэта толькі цела. Скульптар успрымае цела, як матэрыял, каб праз яго перадаць штосьці важнае. Асабста для мяне цела вельмі важнае. Празь яго чалавек паказвае хто ён такі. Я ствараю голыя целы, бо важнае само цела, а не сьвітэр альбо іншыя часткі гардэробу на ім.

Пасьля двух гадоў працы над кнігай Моніка Асецка нечакана для сябе зразумела, што адчувае сябе больш пісьменьніцай, а не скульптарам.

М. Асецкая: Мне здаецца, што пісаньне больш пасуе майму характару, хуткім запісам, якія я раблю. Нават мае скульптуры часта застаюцца толькі чарнавікамі. Я часта бралася за камень без ідэі, проста каб працаваць. Але з каменем – гэта адна справа, а пакідаць думкі на паперы - нашмат прасьцей, бо тады атрымліваецца больш непасрэдны пераказ.

/

Тым ня менш, у розных краінах сьвету Асецка – гэта, найперш, яе скульптуры. Масыўныя каменныя фігуры пад адкрытым небам, выявы аголеных жанчын альбо настольныя абстрактныя формы. Іх можна пабычыць у Італіі, Францыі, Швайцарыі й іншых краінах. Зрэшты, сама аўтарка шмат часу праводзіць за мяжой. У прыватнасьці, у сваёй майстэрні пад Вальтэрай у Італіі. Да слова, Моніка Асецка нарадзілася ў Міляне. Яе бацька быў польскім дыпляматам і сям’я шмат пераязджала зь месца на месца. Пяць гадоў дзяцінства яна правяла ў Тэгеране. Але месцам жыцьця Асецкая сьвядома абрала Польшчу.

М. Асецкая: Яшчэ зь дзяцінства ў мяне захаваўся вобраз Польшчы, як шэрага, халоднага, цёмнага й непрыязнага месца. Гэта былі часы камунізму. Але я не люблю наракаць. Я шмат разоў магла застацца жыць за мяжой. Я не адчувала асябе полькай, я была “грамадзянінам сьвету”. Але найноўншая гісторыя Польшчы зрабіла зь мяне польку. Пару дзён таму мы адзначалі гадавіну ўвядзеньня ваеннага становішча. Я прыгадваю, як тады плакала і ў мяне яшчэ сёньня сьлёзы ў вачах. Таму я атаясамліваю сябе з той Польшчай, гісторыю якой я сама перажыла. І яна мяне зрабіла полькай насуперак маім жаданьням.

З творчасьцю Монікі Асецкай можна пазнаёміцца на яе інтэрнэт-старонцы www.monikaosiecka.com

/

/

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт