Logo Polskiego Radia
Print

Барадулін: Я ў асноўным быў Дзедам, Казою не даводзілася быць…

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 06.01.2012 11:02
  • Барадулін.mp3
Народны паэт прыгадаў, як сьвяткаваў Каляды, распавёў пра сваю новую кнігу й павіншаваў нашых слухачоў (ФОТА).
Foto: facebook.com

/

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін выдаў новую кнігу духоўнай паэзіі, якая называецца ляканічна – “Anima”. Гэтая кніга – дзясятая па ліку, якую дзядзьку Рыгору выдае Чырвоны касьцёл. Што такое Anima? Кім Барадулін быў у дзяцінстве на Каляды? Што маглі зарабіць вушацкія калядоўшчыкі? У нашай гутарцы з Народным паэтам.

Дзядзька Рыгор, як Вы сустракалі Новы Год?

Рыгор Барадулін:
Новы Год я сустракаў дома, як заўсёды. Добра, што не ў бальніцы, таму што апошнія гады я Дзень нараджэньня сустракаю то ў рэанімацыі, то так у бальніцы. Гэты Новы Год сустракаў дома – не зусім здаровы, але й не зусім хворы, так што жыць можна.

А якое сьвята для Вас цяпер важнейшае? Новы Год ці Раство, Каляды?

Рыгор Барадулін: Разумееце, усё-ткі для мяне было й застаецца менавіта Каляды. З Калядамі зьвязана ўсё. Каляды яшчэ ідуць з паганства, беларусы хшчоныя паганцы – вядома, нікому не сакрэт. Каляды, па-першае, гэта сьвята душы, вачэй, сьвята адчуваньня й, дарэчы, сьвята жывата. Каляды – гэта самая багатая пара на ежу, на смачныя стравы. Каляды – гэта сьвята маленства. Каляды ў мамы – гэта сьвята сьвятаў, тыя Каляды, якія былі ў Вушачах. Таму, што мая душа там жыве, дзе я нарадзіўся.

А ў Вушачах якія былі традыцыі ці мясцовыя абрады? Як вось Каляды сустракалі?

Рыгор Барадулін:
Як сказаць…Гэта багаты стол, гэта песьні, калядаваньне. Мы хадзілі калядоўшчыкамі – апраналіся, як Каза, Мядзьведзь, наогул – цэлы тэатар. Тэлебачаньня не было, кіно не было, гэта ўсё замяняла. Гэта правобраз тэлебачаньня, кіно й, дарэчы, адзьдзела прапаганды.

А Вам на Калядах даводзілася хоць раз быць ці Казой, ці Дзедам, ці кім?

Рыгор Барадулін:
Я ў асноўным быў Дзедам, Казою не даводзілася быць, хацелася быць Бараном, але не выпала.

Гэта ж быў паваенны час, досыць галодны, а вось калі калядавалі, дык што людзі давалі калядоўшчыкам?

Рыгор Барадулін:
Ну, апошняе што было – усё-ткі нейкая была шкварчына, нейкае сьвінчо трымалі, карова была, нейкі сыр, нейкі кавалак кілбасы, блін, печыва. З голаду не паміралі.

Дзядзька Рыгор, перад самым Новым Годам у вас выйшла кніга – гэта дзясятая кніга, якую Вам выдаў Чырвоны касьцёл. Можна сказаць, што супрацоўніцтва з касьцёлам для Вас вельмі плённае?

Рыгор Барадулін: Я страшэнна ўдзячны Богу, што выйшла так, што ў савецкі час мяне хрысьціў праезджы ксёндз, я неяк пад знакам касьцёла ішоў. Прабабуля была вуніятка, мама была стыхійная праваслаўная, а я хрышчоны праезджым ксяндзом, таксама вуніят. Супрацоўніцтва з касьцёлам надзвычай плённае, я надзвычай удзячны Богу і ўдзячны пэрсанальна пробашчу Уладыславу Завальнюку. Зь ягонай дапамогай выйшла 10 кніг.

Я так разумею, што гэтыя кнігі – яны выдадзеныя вельмі шыкоўна, і іншай магчымасьці сёньня ў паэта выдаць так кнігу проста няма?

Рыгор Барадулін: Цяпер гэта грошы шалёныя, я нават не ўяўляю, як бы я… Сам бы я ніколі ня выдаў, толькі касьцёл.

Са сваёй пэнсіі атрымалася б у Вас такую кнігу выдаць?

Рыгор Барадулін:
Маёй пэнсіі якраз хапае толькі на ежу. Я сабе не магу нават новую шапку набыць з пэнсіі, ня тое, што кніжку выдаць. Трэба перайсьці на трохразавае харчаваньне – тры разы на тыдзень.

Вашая новая кніга называецца “Anima” – небеларуская назва, усе гадаюць, што ж яна значыць. Можа нешта зь японскім, з анімэ зьвязанае?

Рыгор Барадулін:
“Аніма” – гэта душа па латыні, чыстая латынь. Я неяк ва ўнівэрсытэце вучыў латынь, мне прыйшло ў галаву назваць ляканічна й коратка: “Аніма”. Аніма – гэта душа. Ад душы ўсё. Цела часовае. Цела – гэта як часовае адзеньне, а душа вечная.

А ў гэтую кнігу ўвайшлі толькі новыя Вашыя вершы, ці нешта з раней напісаных?

Рыгор Барадулін:
Выбраныя на духоўную тэму й новыя вершы. Яна зборная кніжка. Яна – зь біблійскіх балядаў, там вершы, прысьвечаныя Яну Паўлу ІІ, на тэму псальмоў. Яны выбраныя. Кніга практычна недзе ўскосна выйшла да стагодзьдзя касьцёла. У 2010 годзе было 100 год Чырвонаму касьцёлу, такая юбілейная кніжка.

Здаецца ж, не было вялікай прэзэнтацыі гэтай кнігі?

Рыгор Барадулін: Не, прэзэнтацыі не было таму, што мне здароўе не дазваляе. …Хачу павіншаваць слухачоў Беларускай службы Польскага радыё з Новым Годам, з Калядамі, жадаю моцы, здароўя. Хай будзе Бог з Вамі! Хай будзе Бог з Вамі! Хай будзе Бог з Вамі!

Такое вось пажаданьне Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна слухачам і чытачам Беларускай службы Польскага радыё. Зь дзядзькам Рыгорам мы гутарылі пра Каляды, а таксама пра ягоную новую кнігу “Anima”, што перакладаецца з латыні як “Душа”.

Арцём Багданаў, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт