Logo Polskiego Radia
Print

Таямніца сапраўднага банану – раскрытая (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 22.02.2012 18:17
  • бананы.mp3
Наш карэспандэнт у Цэнтральнай Амэрыцы правёў "бананавае" сьледзтва.

Беларускія спажыўцы экзатычных фруктаў, як я, часта вераць у рознага кшталту міты. Напрыклад, ходзіць байка пра тое, што бананы, якія прадаюцца ў Беларусі, кармавыя. У заморскіх краінах такімі кормяць быдла ці адпраўляюць іх на экспарт.
Сапраўдны ж банан мусіць быць меншым за сярэдняга беларускага карася. Затое смак яго такі далікатны, што можна запішчаць ад асалоды. Да таго ж, часта кажуць у Беларусі, банан мусіць быць злёным, а ня жоўтым. Толькі зялёнаму банану ўласьцівы пікантныя смакавыя якасьці. І толькі такія бананы есьць малпа, якая сябе па-сапраўднаму паважае.
Таму, прыбыўшы ў Цэнтральную Амэрыку, я вырашыў першай справай правесьці “бананавае сьледзтва”: даведацца праўду, ці сапраўды мы ядзім бананы, што вырошчваюцца для кароў ды быкоў?
Таму іду ў тыповую лацінаамэрыканскую “фрутэрыю” й торгаю пальцам вялікія зялёныя бананы, пад якімі па-гішпанску напісана “platano”.

/

Расплочваюся, бягу да першай сьметніцы й дрыготкімі рукамі спрабую ачысьціць “зялёнага сябручка” ад лупіны.

/

Але “platano” ачышчаецца зь цяжкасьцю, таму бяруся за нож. Нарэшце здымаю лупіну й… Аёй, такое ўражаньне, што ўкусіў сырую бульбу!
Не здаюся й працягваю есьці “platano”, думаючы, што не разумею смаку і, можа, уставіць потым.
Але вынік той жа.
Таму бягу да сваіх панамскіх прыяцеляў і распытваю, што гэта за гідоту я набыў.
Аказалася, што “platano” – гэта ня той банан, які варта спажываць у сырым выглядзе. Людзі купляюць “platano” зялёнымі й марынуюць. Прыкладна гэтак жа, як беларусы гуркі. Альбо чакаюць, пакуль “platano” пажаўцее – і смажаць яго на патэльні. Атрымоўваецца салодкая й смачная страва.

Цягам
Цягам тыдня зялёны “platano” жаўцее, цяпер яго можна смажыць.



Той жа банан, які можна спажываць у сырым выглядзе, так і называецца – “banana”. У супэрмаркеце ён каштуе ў тры разы таньней за “platano” й выглядае гэтак жа, як у Беларусі ці Польшчы.

/

Але мясцовыя часта затарваюцца маленечкімі бананамі ў мясцовых фэрмэраў. Адзін такі зьмяшчаецца на далоні. Але па смаку ён ня лепшы за свайго больш буйнога экспартнага брата.

/



Трэці гатунак бананаў, які прадаецца ў Цэнтральнай Амэрыцы, так званы “guinea”. Маленькі й зялёны, своеасаблівы па смаку, быццам гэта зусім і не банан. З “guinea”, дадаючы малако, робяць даволі смачныя кактэйлі. Але зноў жа ня скажаш, што звычайны банан, які спажываюць беларусы, саступае “guinea” па смакавых якасьцях.

/

Такім чынам, аказалася, што беларуская “бананавая доля” хоць і не такая ж разнастайная, але ня менш салодкая, чым у лацінаамэрыканцаў. Дарэчы, кошты ў фрутэрыях на бананы супастаўныя зь беларускімі.

Аляксандар Парошын,
спэцыяльна для Беларускай службы Польскага радыё,
Алахуэла, Коста-Рыка







Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт