Рады вітаць вас, шаноўныя радыёслухачы!
Сёньня я прысьвячу “Рэдакцыйную дыскусію” зацемкам, што прыслаў Язэп Палубятка. Гэта даўні сябра нашай рэдакцыі. Ён жыве ў горадзе Масты Гарадзенскай вобласьці.
Спадар Палубятка так пачаў свой ліст:
“У апошнія дваццаць гадоў мне давялося шмат паездзіць па абшарах Беларусі, мець стасункі са знакамітасьцямі, а яшчэ больш – з простымі людзьмі. Многае з таго, што я пабачыў, пачуў, сьведкам чаго мне давялося быць, выношу на суд слухача.
Што занатавана тут – адбылося насамрэч. Сыстэматызаваць пабачанае не ўяўляецца магчымым дый няма сэнсу рабіць тое, бо гэта – жыцьцё. Жыцьцё, як яно ёсьць. Слухач зможа ўсьвядоміць рэальнае жыцьцё беларусаў”.
Канец цытаваньня.
У допісе нашага прыхільніка зьмешчана шмат гісторый, аднак я выбраў для сёньняшняй перадачы толькі чатыры. Калі гэтыя занатоўкі з жыцьця вам, дарагія сябры, спадабаюцца, напішыце. Тады я агучу пару-тройку чарговых назіраньняў нашага слухача.
А зараз вяртаюся да пісьма Язэпа Палубяткі.
Пацярпелы за актыўнасьць
У вёску да бацькоў прыязджаюць дачка з мужам і дванаццацігадовая ўнучка. Іх радасна сустракае пяцігадовая пляменьніца. Унучку зьдзіўляе адна акалічнасьць. Прыгожы певень сядзіць у драцяной клетцы. Непадалёку ходзяць куры.
– За што яго так баба пакарала? – жахнулася дзяўчына.
Пляменьніца тлумачыць гэта наступным чынам:
– За сэксуальную актыўнасьць.
Унучка недаўменна круціць галавою. Пяцігадовае дзіцянё пачынае ўдакладняць ёй:
– Куры лішне топча. Ранкам топча, днём топча і вечарам спакою ім не дае. Баба не задаволена.
На гэта дванаццацігадовая дзяўчынка выказалася так:
– А што тут такога? Можна падумаць, што куры з-за гэтага паскардзіліся гаспадыні. Ну й баба! Калі сама старая, дык навошта перашкаджаць жыць іншым?
А карміць будуць?
Вясковы мэханізатар трапіў у аварыю й моцна пашкодзіў нагу. Даставілі ў лякарню. Па чалавеку бачна, што ён пакутуе. Трывае, цярпяліва прыкусіўшы губу. Рыхтуюць да апэрацыі. Вязуць у апэрацыйную, даюць наркоз. Доктар таксама адчувае, што пацыент занепакоены, пачынае гутарку аб тым, што балець моцна ня будзе і ўсё будзе добра. Хворы некаторы час вагаецца, потым пытае:
– Скажыце, доктар, а карміць тут будуць?
Траўматоляг, заняты сваёй справаю, мэханічна адказвае:
– Канешне, будуць.
На твары мужчыны зьяўляецца ўсьмешка і ён задаволена гаворыць:
– Той добра, а я хваляваўся, што сваё купляць давядзецца. Няма за што. А гэта – пабаліць ды перастане.
Такая міліцыя
23 лютага 2011 года ўступіў у сілу закон аб забароне расьпіваць спіртныя напоі ў грамадзкім месцы. Невялічкі райцэнтар. Міліцыянэры атрымалі загад затрымліваць усіх нападпітку. З прахадной сельгастэхнікі выходзіць мужчына пэнсійнага ўзросту. Бачна, што выпіў. Міліцэйскі патруль затрымлівае яго.
– Піў?
– “Мачыў” дзень народзінаў унука, – не адмаўляецца і ня хлусіць мужчына.
Абшукалі. У адной кішэні – неадкаркованая пляшка віна, у другой – напалову адпітая. Патруль зьвязваецца зь дзяжурным і просіць прыслаць “машыну хуткай дапамогі для алькаголікаў” – аўтазак. Неўзабаве прыязджае транспарт. Нечакана па дарозе ў аддзел на сувязь выходзіць дзяжурны.
– Не вязіце нам яго. Усё перапоўнена. Ужо няма куды такіх дзець.
– А што рабіць?
– Дамоў вязіце.
Распыталі адрас і паехалі туды. Ля пад’езда чалавек залямантаваў:
– Вязіце ў міліцыю!
Міліцыянэры разгубіліся. Зьвязаліся зь дзяжурным:
– Як нам быць? Ён хоча ў міліцыю.
Дзяжурны пачынае злавацца:
– Завядзіце яго ў кватэру. Аддайце жонцы… На выхаваньне.
Міліцыянэры ў прысутнасьці дзясятка жыхароў дома саматугам выцягваюць чалавека з машыны і вядуць да пад’езда. Ён супраціўляецца і лямантуе:
– Вязіце ў міліцыю!
Ледзь зацягнулі на трэці паверх. Запхнулі ў кватэру. Прыскокам зьбеглі ўніз і хуценька зьехалі. У адначасьсе выбегае чалавек з пляшкай ў руцэ. Пабачыўшы азадак міліцэйскага “бобіка”, у скрусе кажа:
– Такая міліцыя. Я ад душы хацеў пачаставаць, бо ўнук нарадзіўся. А то ўсё ўнучкі ды ўнучкі.
Сьпяваюць як умеюць
Выміраючая вёска. У былым закінутым клюбе савецкіх часоў пасьля рамонту адчынілася ўстанова кшталту каталіцкага малельнага дома.
Штонядзелю сюды на службу зьбіраюцца тыя, каму за пяцьдзесят. Зь мястэчка прыязджае малады ксёндз. Гаваркі. Мае пачуццё такту. Прыязны. Заходзіць у клюб, жагнаецца і вітаецца з прыхаджанамі. Перад пачаткам службы, каб знайсьці лепшы кантакт зь вернікамі, распавядае анэкдот на калярэлігійную тэму. Жарт пра манаха, які ішоў па пустэльні і якому патрапіўся леў. Далей сэнс такі. Манах ад жаху падае на калені і чыніць малітву: “Божа, зрабі яго хрысьціянінам”. Пасьля гэтага леў падымаецца на заднія лапы, правай пярэдняй жагнаецца ды кажа: “Божа, асьвяці ежу!”. Настрой вернікаў на адпаведным узроўні. Паразуменьне дасягнута.
Затым пачынаецца служба. Пробашч гаворыць казаньне па-беларуску, затым пераходзіць на польскую мову, урэшце – на лацінcкую. Пеўчыя, старыя вясковыя кабеты, распачынаюць сьпевы ў такт ксёндзавых казаньняў: напачатку па-беларуску, потым па-польску, хоць сьпевы мала чым адрозніваюцца, затым – па-лацінску. Ад такіх сьпеваў прыслужнік жахаецца ды хапаецца за галаву. Ксёндз паціху супакойвае яго і кажа: “Добра-добра. Няхай сьпяваюць, як умеюць”.
Я шчыра ўдзячны нашаму слухачу за цікавыя абразкі зь беларускага жыцьця. Запрашаю Язэпа Палубятку і надалей кантактаваць з нашай рэдакцыяй.
Паважаныя сябры!
Прысылайце допісы на паштовы адрас у Беларусі: абанэнцкая скрынка № 45, горад Віцебск, 210015. Сваю карэспандэнцыю вы можаце таксама накіраваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. З намі можна вельмі апэратыўна зьвязвацца па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Дадатковы электронны адрас для непасрэднага кантакту са мною: dopis@tut.by.
Да новай дыскусійнай сустрэчы роўна праз тыдзень!
Юрась Сьцяпанаў