Logo Polskiego Radia
Print

Польшча купляе амэрыканскія самалёты

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 15.11.2016 09:12
Мінабароны падпісала кантракт на набыцьцё двух адміністрацыйных самалётаў Gulfstream G550.
Gulfstream G550Gulfstream G550commons.wikimedia.org/Wo st 01/CC BY-SA 3.0

Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы падпісала кантракт з кампаніяй Gulfstream Aerospace Corporation, якая зьяўляецца часткай карпарацыі General Dynamics, на набыцьцё двух адміністрацыйных самалётаў Gulfstream G550.

Сума кантракту складае 538 млн злотых (амаль 123 млн эўра). Кантракт таксама ахоплівае падрыхтоўку наземнага пэрсаналу й пілётаў, дастаўку машын на месца службы ды тэхнічную дакумэнтацыю.

Машына забірае на борт 16 пасажыраў. Экіпаж складаецца з трох чалавек: двух пілётаў і сьцюарда. Gulfstream G550 можа зьдзейсьніць пералёт з Варшавы ў Нью-Ёрк без дазапраўкі. Згодна кантракту, машыны павінны паступіць на службу да жніўня 2017 года.

Як паведамлялася, агулам Мінабароны Польшчы хоча купіць чатыры бізнэс-самалёты для ўрада: два малыя й два сярэднія. Два малыя ўжо купленыя. На пастаўку двух сярэдніх самалётаў (70-140 пасажыраў) удзел у тэндэры прымаюць чатыры фірмы. Не вядома, самалёты якіх марак прапануюць згаданыя кампаніі. Агулам на пакупку адміністрацыйных самалётаў Польшча плянуе выдаткаваць 1 млрд 700 млн злотых (больш за 388 млн эўра).

Працяглы час польскія высокапастаўленыя чыноўнікі лёталі на самалётах Ту-154М і Як-40, які былі маральна й тэхнічна састарэлымі. У красавіку 2010 года адзін з двух Ту-154М разьбіўся пад Смаленскам, іншы Ту-154М і машыны Як-40 былі сьпісаныя, а 36-ы спэцыяльны транспартны авіяполк, на балянсе якога былі адміністрацыйныя самалёты, Мінабароны расфармавала. Пры гэтым пытаньне куплі новых самалётаў для ўраду паўставала нашмат раней да катастрофы.

Пасьля катастрофы ўрад Польшчы ўзяў у авіякампаніі LOT у чартэр два сярэднія па пасажыраўмяшчальнасьці й сярэдняй дальнасьці самалёты Embraer 175. Гэта былі звычайныя пасажырскія самалёты, пафарбаваныя ў польскі нацыянальны бела-чырвоны колер. Дагавор чартэру завяршаецца ў 2017 годзе.

вс

Кабіна
Кабіна пілётаў Gulfstream G550, commons.wikimedia.org/André Austin Du-Pont Rocha/GNU Free Documentation License GFDL 1.2
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт