Logo Polskiego Radia
Print

Ня стала нашага журналіста Васіля Садоўскага

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 23.03.2018 13:59
Яму было ўсяго толькі 31 год.
фота з прыватнага архіву Васіля Садоўскага

Сёньня раніцай Беларускай службе Польскага радыё стала вядомая найсумнейшая навіна – ня стала Васіля Садоўскага, нашага былога супрацоўніка. У жыцьці рэдакцыі ёсьць рэдкія хвіліны, калі ня хочацца, каб інфармацыя ішла ў сьвет. Сёньня наша служба перажывае менавіта такі момант.

Вася закончыў журфак БДУ, пазьней вучыўся ў славутым кракаўскім Ягелонскім унівэрсытэце. Трапіў на практыку на Канал замежнага вяшчаньня Польскага радыё. Яго журналісцкі талент, бесканфліктнасьць, інтэлект і аксамітны голас адназначна сьведчылі пра тое, што ён – прафэсіянал. І таму рэдакцыя запрапанавала Яму супрацу адразу ж пасьля завяршэньня практыкі.

Але яго цягнула дадому... Прапрацаваўшы некалькі месяцаў у Варшаве, Вася вырашыў вярнуцца дамоў – да сяброў, бацькоў, на радзіму... Гэта сьведчаньне таго, што Васіль – ня толькі прафэсіянал, але й кахаючы сын, верны сябра ды патрыёт.

На жаль, Яго жыцьцё раптоўна й рэзка абарвала сьмерць...

Нам будзе вельмі не хапаць твайго спакою, тонкага пачуцьця гумару ды разважлівасьці. Але памяць пра Цябе й Твой голас, які застаўся ў архівах Польскага радыё, будуць жыць вечна.

Бывай, Вася, бывай, дружа!

Калектыў Беларускай службы Польскага радыё

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт